Дакументацыйныя здымкі
Працяг. Пачатак гісторыі ТУТ
У іншым месцы, таксама на беразе Нёмана, я ўбачыў двух (ці пару?) шэрых варон (Corvus corone cornix), адна з якіх таксама займалася грэцкім арэхам. 'Займалася' - добрае слова, бо пасля таго, як птушка паспрабавала разбіць яго, скінуўшы зусім з невялікай вышыні на лесвіцы, яна вырашыла яго схаваць. У гэтым была логіка: у нейкай будучыні за прыхаваным арэхам можна вярнуцца (калі навучышся яго разбіваць) і з'есці. У адрозненне ад гракоў, звычайна вароны хаваюць арэхі нашмат прасцей - прыкрываюць зверху расліннасцю. І гэтая маладая варона зрабіла таксама. Але далей пачалося незразумелае - яна вярнулася за арэхам і яшчэ два разы перахоўвала яго ў іншых месцах, штораз прыкрываючы скошанай травой на тым самым схіле:
Партнёр ці сіблінг маладой птушкі зусім не звяртаў на арэх ніякай увагі, хаця часам быў даволі блізка ад яго. І скончылася ўсё як і ў першай гісторыі - варона заставіла арэх на газоне, у чарговы раз проста не прыхоўваючы яго.
Такім чынам аказалася, што прыхоўванне запасаў маладая птушка ўжо ўмела рабіць, а вось разбіваць арэх яшчэ не навучылася і праз хвіліны зусім страціла цікавасць да яго як да здабычы ці ежы.
Гродна, 15-09-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ