Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Першыя арэхі

Дакументацыйныя здымкі

Штогод я чакаю пачатку 'арэхавага сезону' - калі гракі (Corvus frugilegus) і шэрыя вароны (C. corone cornix), а часам нават каўкі (C. monedula) пачнуць выкарыстоўвываць багаты харчовы рэсурс - грэцкія арэхі. Часам атрымліваецца ўбачыць і зняць розныя небанальныя гісторыі, звязаныя з тым, як гэтыя вельмі разумныя птушкі спраўляюцца з такой ежай.

Гэтай восенню першым, каго я заўважыў з грэцкім арэхам, стаў грак, які выкапваў дзюбай ямку ў зямлі, каб той арэх туды прыхаваць. Але прыкладна ў метры ад яго хадзіў туды-сюды другі грак, які яўна перашкаджаў думаць толькі пра ямку першаму. І першы адагнаў другога метры на 3-4, дакапаў ямку, паклаў у яе арэх, прысыпаў і адразу адляцеў. Другі ж адразу пабег на тое месца і ўжо праз некалькі секунд трымаў той арэх у дзюбе. А далей здарылася тое, чаго я не чакаў. Птушка даволі хутка дастала смачнае змесціва з абодвух палавінак арэха, але не праглынула, а змясціла ў т.зв. пад'язычны мяшок, які стаў заўважна вылучацца. Адыйшла метры на 3 убок і там прыхавала, прычым таксама ў папярэдне выкапанай ямцы.

Другой сустрэтай птушкай з арэхам стала шэрая варона. Яшчэ здалёк я ўбачыў, як яна спачатку скінула 'здабычу' на дарогу, а потым прынялася яе дзяўбсці там жа дзюбай. Перашкодзіла ёй у гэтым машына, якая хутка набліжалася. Птушка вырашыла не рызыкаваць і пераляцела праз дарогу з арэхам у дзюбе, дзе працягнула спрабаваць яго адкрыць ударамі дзюбы. Але даволі хутка спынілася, адвярнулася да арэха хвастом і ... адляцела. Я падумаў, што напэўна арэх аказаўся замоцны, не паддаўся і гэта стала прычынай таго, што варона вырашыла заставіць яго ў спакоі. Але калі я падыйшоў паглядзець на яго, гэта аказалася толькі паловай праўды. Акрамя моцнага шкарлупіння, праз невялікую дзірку ў ім было бачна, што арэх згніў унутры і таму працягваць спробы адкрыць яго не мела сэнсу.

Гродна, 13-09-2025

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі