Караткахвосты паморнік знікае ў Вялікабрытаніі

Новае даследаванне знайшло рэзкае змяншэнне колькасці гняздуючых караткахвостых паморнікаў (Stercorarius parasiticus) і паказчыкаў іх размнажэння на Брытанскіх астравах.  Калі сытуацыя не зменіцца ў лепшы бок, навукоўцы нават папярэджваюць пра магчымае знікненне віду як прадстаўніка мясцовай гняздуючай арнітафауны ўжо ў бліжэйшыя гады.

Маштабнае даследаванне было праведзена прадстаўнікамі цэнтру прыродаахоўнай навукі RSPB і апублікаванае ў часопісе Journal of Animal Ecology. Колькасць гняздуючых пар і паказчыкі размнажэння віду адсочваліся на 33 калоніях у 1992 - 2015 гады. Гэта прыкладна траціна ад усіх вядомых для краіны гняздуючых караткахвостых паморнікаў, усе калоніі якіх знаходзяцца ў Шатландыі. У 1992 годзе ў гэтых калоніях гнездавалі 1061 пара, а ў 2015 іх засталося толькі 200! Падобнае змяншэнне адбываецца ва ўсіх гнездавых калоніях віду, і цяпер у Шатландыі, па ацэнках навукоўцаў, засталося не больш за 550 пар.

Павелічэнне тэмпературы марской вады тут прывяло да рэзкага змяншэння колькасці рыб-пясчанак (Ammodytes tobianus), і адзін з асноўных паказчыкаў размнажэння паморнікаў -  колькасць птушанят на актыўную пару (тую, якая прыступіла да гнездавання) зменшыўся ў тры разы: у пачатку 1990-х гэта было ў сярэднім 0,9 , а ў 2010-я толькі 0,3 птушаняці якое выляцела з гнязда!

Д-р Элан Перкінз (Dr Allan Perkins), старэйшы навуковы даследчык з RSPB Scotland і галоўны сааўтар публікацыі, сказаў: "Мы даўно ведалі, што колькасць гняздуючых у нас караткахвостых паморнікаў змяншаецца, але толькі параўнанне вынікаў за апошнія дзесяцігоддзя паказала як кепска справы насамрэч на самых галоўных месцах размнажэння віду. Адсутнасць ежы – галоўная праблема і паказвае наколькі ўразлівыя нашы марскія птушкі і біятопы. Пясчанкі працягваюць знікаць вакол паўночна-усходняга ўзбярэжжа Шатландыі, і ўвесь харчовы ланцуг адчуў гэта. І калі такое рэзкае змяншэнне колькасці працягнецца, магчыма, што караткахвосты паморнік знікне як гняздуючы від у Шатландыі”.

Шатландыя знаходзіцца на паўднёвым ускрайку гнездавога арэалу віду і можа адлюстроўваць некарысныя змены для яго ўвогуле. У іншых мясцовых марскіх рыбаядных відаў птушак, у якіх паморнікі часта адбіраюць рыбу (клептапаразіціруюць), колькасць таксама значна зменшылася за апошнія дзесяцігоддзі з-за недахопу ежы. За той самы прамежак часу памер калоній трохпалых чаек (Rissa tridactyla), палярных крычак (Sterna paradisaea) і атлантычных тупікаў (Fratercula arctica) зменшыўся на 90% кожнага з відаў.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Вінчэўскага

 

 

На гэтую тэму:

ШТО МОЖА БЫЦЬ ЛЕПШ ЗА ПАМОРНІКА? – ДВА ПАМОРНІКІ! АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 ЗА ЧЭРВЕНЬ І ЛІПЕНЬ 2018

Марскія птушкі з узбярэжжаў Шатландыі знікаюць у непакоячым тэмпе

Балтыйскія качкі ў глыбокім піке

Драматычныя змены ў вадаплаўных птушак Вялікабрытаніі

Вынішчэнне амерыканскіх норак на астравах у Шатландыі пайшло на карысць мясцовым птушкам