Запрашаем глядзець на птушак Белавежскай пушчы on line на нашай сталоўцы

Трэцюю зіму запар наш сайт “Птушкі штодня” прапануе ўнікальную для нашай краіны магчымасць – утульна седзячы у цёплай хаце, офісе ці на занятках, глядзець за жыццём дзікіх птушак на працягу ўсіх трох зімовых месяцаў. У гэты раз сталоўка для іх з разнастайным пачастункам знаходзіцца ў невялічкай пушчанскай вёсачцы Вугляны, на маляўнічым беразе рэчкі Лясной.

І калі ў мінулыя зімы пад час трансляцыі мы маглі назіраць амаль выключна за некалькімі пераважна ляснымі відамі, то сёлета да іх дадаецца магчымасць убачыць каля сталоўкі і вадаплаўных, і зімародка, і драпежных птушак. На сённяшні дзень тут ужо “адзначыліся” вялікія і сінія сініцы, зелянушкі, палявыя вераб’і, сарокі, зімародак, шэрая чапля  і нават …лебедзі-шыпуны:

птушкі

Сапраўдная зіма яшчэ наперадзе, таму і відаў, і птушак, якія прылятаюць пад’есці на сталоўку, будзе больш. Хаця цікавыя паводзіны і ўзаемаадносіны паміж рознымі відамі можна назіраць ужо зараз:

https://youtu.be/fzSZNA-9PaA

За дзве папярэднія зімы за нашымі птушкамі глядзелі прыкладна 15 тысяч гледачоў больш, чым з 80 краін Свету – далучайцеся і Вы – не пашкадуеце!

мапа

Мапа з зімы 2017-18, якая паказвае з якіх краін глядзелі за нашай трансляцыяй он-лайн.

Як і усялякая сур’ёзная справа, забеспячэнне штодзённай бесперапыннай трансляцыі ў рэжыме LIVE патрабуе адказнай каманднай працы, і мы шчыра ўдзячныя Вадзіму Пракапчуку, актывісту АПБ з Камянеччыны і навуковаму супрацоўніку нацпарка “Белавежская пушча”, уладальніку аграсядзібы ў Вуглянах з якой ладзіцца чарговыя назіранні птушак і Аляксандру Мінічу, актывісту АПБ з Брэста,які мае шматгадовы паспяховы досвед не толькі з арганізацыі он-лайн трансляцый са сталовак для птушак, але і з гнёздаў сокала-пустальгі.

Любы чалавек з Беларусі можа не толькі назіраць за трансляцыяй, але і фінансава дапамагчы нашаму праекту - на краўдфандынгавай платформе MolaMola адкрыты збор сродкаў на аплату сервера, інтэрнета, корма для птушак і іншыя тэхнічныя выдаткі.

Цікавага прагляду і дзякуем за дапамогу!