Новае даследаванне, заснаванае, у асноўным, на зімовых ўліках ныркоў-плёсавак (Aythya marila) у Балтыйскім моры, а таксама на мадэляванні магчымых наступстваў прамысловага рыбалоўства тут ў наступныя 30 гадоў, паказала незайздросную будучыню віда ў Еўропе.
У Еўрапейскім Чырвоным спісе птушак нырок-плёсаўка ўжо апынуўся у катэгорыі Уразлівых (Vulnerable). Паўднёва-заходняя частка Балтыкі – галоўнае месца зімоўкі еўрапейскай папуляцыі віда. Аднак інтэнсіўнае сучаснае рыбалоўства тут прыводзіць да таго, што сеці і вялікая колькасць нырковых качак, уключна з плёсаўкамі, перасякаюцца ў часе і прасторы ў багатых на рыбу і малюскаў месцах.
Выкарыстоўваючы ўсе даступныя сучасныя дадзеныя па выпадковай гібелі ныркоў-плёсавак з-за рыбалоўства (bycatch) у паўночна-заходняй частцы Еўропы, навукоўцы атрымалі сярэднія штогадовыя страты для гэтага віду ў 3991 асобіну, што складае 2% зімуючых і мігрыруючых тут птушак. Гэта ў 10 разоў больш за рэкамендаваную асацыяцыяй BirdLife International і прымальную выпадковую смяротнасць пад час прамысловага рыбалоўства, якая тэарэтычна не дапускае да зменаў ва ўстойлівасці папуляцыі качак.
Таму даследчыкі не толькі прынялі, што такі ўзровень выпадковай смяротнасці плёсавак будзе адмоўна ўздзейнічаць на еўрапейскую папуляцыю віда, але вылічылі яе патэнцыйны узровень (Potential Biological Removal (PBR)) і змадэліравалі папуляцыйныя змены.
Атрымалася, што калі сучасны ўзровень выпадковай смяротнасці з-за прамысловага рыбалоўства на Балтыцы застанецца нязменным у наступныя 30 гадоў, то папуляцыя нырка-плёсаўкі толькі з-за гэтага зменшыцца больш, чым на 36%. Такім чынам, рыбалоўства будзе галоўнай прычынай смяротнасці віда.
Аднак сытуацыя насамрэч, яшчэ горшая. Еўрапейская папуляцыя нырка-плёсаўкі змяншаецца не толькі з-за выпадковай смяротнасці пад час прамысловага рыбалоўства, таму мадэль стану папуляцыі ў наступныя 30 гадоў паказала магчымае змяншэнне колькасці віду тут ажно на 57% і такі прагноз дае магчымасць пераводзіць від у нашым рэгіёне ў катэгорую Пагражаемых (Endangered).
Але і сённяшні ахоўны статус віда дазваляе зменшыць страты з-за рыбалоўства, уключна з забаронай прамысловага рыбалоўства ў некаторых месцах на найбольш папулярных зімоўках нырковых качак у паўднёва-заходняй частцы Балтыйскага мора і выкарыстоўвываць розныя метады мінімізацыі выпадковай гібелі качак у сетках рыбакоў у іншых рэгіёнах.
Крыніца:
Marchowski, D, Jankowiak, Ł, Ławicki, Ł, Wysocki, D, & Chylarecki, P. 2019. Fishery bycatch is among the most important threats to the European population of Greater Scaup Aythya marila. Bird Conservation International. DOI:https://doi.org/10.1017/S0959270919000492
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак маладых плёсавак – Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Балтыйскія качкі ў глыбокім піке
Звычайныя віды птушак у Еўропе перастаюць быць звычайнымі
Як чайкі сталуюцца ў качак + VIDEO
Качкам Арктыкі кепска ў Заходняй Сібіры
На зімоўку вярнуліся 2 качкі з 23
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ