Ікра рыб выжывае ў страўніку птушак: першыя эксперыментальныя доказы

Розныя прадстаўнікі рыб каланізавалі ізаліраваныя вадаёмы па ўсяму Свету задоўга да з’яўлення чалавека, які мог бы ім у гэтым дапамагчы. Працяглы час лічылася, што ў гэтым яўна замешаны вадаплаўныя птушкі, якія нібыта пераносяць ікру рыб на сваім пер’і ці нагах. Аднак доказаў на гэта яўна не было.

Не так даўно была выказана гіпотэза, якую атрымалася пацвердзіць эксперыментальна, што эндазоахарыя (endozoochory) – транспартыроўка насення раслін альбо ікры ў страўніку – можа іграць сур’ёзную ролю. Аднак гэта магчымасць была паказана толькі для двух відаў карпазубых рыб з басейна Амазонкі, ікра якіх прыстасаваная да працяглых бязводных перыядаў і можа ў падобным стане дыяпаўзы вытрымліваць праходжанне праз стрававальную сістэму птушак амаль без шкоды для сябе. Акрамя гэтага, менавіта для водных і каляводных птушак было паказана, што шэраг водных безхрыбетных, уключна з лічынкамі водных насякомых, а таксама мягкіх частак раслін і насення паспяхова жывымі праходзяць праз страўнікі птушак.

Вянгерскія даследчыкі вырашылі праверыць падобную магчымасць на двух відах карпавых – сазане (Cyprinus carpio) і сярэбраным карасі (Carassius auratus gibelio) – касмапалітычна распаўсюджаных рыбах, у якіх няма спецыяльных прыстасаванняў для выжывання ікры без знаходжання ў вадзе.

Папярэдне штучна заплодненую ікру абодвух відаў рыб насільна скармілі 4 самцам і 4 самкам качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos) аднолькавага ўзросту ў 1 год. Усяго качкі з’елі па прыкладна 500 ікрынак, пасля чаго даследчыкі правяралі памёт птушак праз розны час і знойдзеныя ікрынкі правяралі на выжывальнасць эмбрыёнаў.  

Усяго атрымалася знайсці 8 (прыкладна 0,2% ад праглочаных) непашкоджаных у страўніку крыжанак ікрынак сазана і 10 ікрынак карася (прыкладна 0,25% ад праглочаных).  Частка эмбрыёнаў з гэтых ікрынак паспяхова развіліся і вылупіліся потым у акварыюме, частка загінула ад грыбной інфекцыі.

Хаця толькі 0,2% ікрынак выжылі пасля праходжання праз стрававальны тракт крыжанак, тым не менш, калі ўлічваць агульную колькасць ікрынак, якую з’ядаюць розныя вадаплаўныя птушкі ў прыродзе, менавіта эндазоахарыя сапраўды служыць асноўным прыродным спосабам рассялення рыб у ізаліраваныя вадаёмы. Так, напрыклад, самка сазана сярэдняга для віду памеру адкладвае да 1,5 мільёна ікрынак, а самка сярэбранага карася да 400 тысяч.

Крыніца: Ádám Lovas-Kiss et al. Experimental evidence of dispersal of invasive cyprinid eggs inside migratory waterfowl. PNAS first published June 22, 2020 https://doi.org/10.1073/pnas.2004805117

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Эрдмана

 

 

На гэтую тэму:

Слімакі застаюцца жывымі пасля страўніка птушак

Як чайкі сталуюцца ў качак + VIDEO

Слімакі застаюцца жывымі пасля страўніка птушак

Качкі – адны з галоўных распаўсюджвальнікаў многіх відаў раслін

Птушкі, якія дапамагаюць рыбам