Ідучы па набярэжнай я яшчэ здалёк пачуў гучныя разборкі вераб'ёў, але калі падыйшоў бліжэй, то зразумеў - нешта тут не так. Справа была ў тым, што ў адным месцы на беразе ракі сабраліся не толькі вераб'і двух відаў, але і балотная чаротаўка!
Прычым усе птушкі сядзелі невысока над зямлёй і ўсе час ад часу глядзелі чамусьці ўніз.
Стала зразумела, што вераб'і такім 'гучным чынам' прыцягваюць увагу навакольных птушак да нейкай пагрозы, якую яны бачылі, а я не. Коцік, які мог быць гэтай пагрозай, адпадаў, таму што яго б я ўбачыў, ды і зусім невялікая вышыня размяшчэння птушак на кусце не выратавала б іх ад атакі коціка.
Прычым падзея была настолькі важнай, што прыляцеў паглядзець на небяспеку нават палявы верабей з ежай для птушанят у дзюбе:
Але праз дзве хвіліны вераб'і спачатку супакоіліся, а потым разляцеліся. І яшчэ праз хвіліну побач паказалася балотная чаротаўка са здабычай для птушанят - жыццё пасля пярэпалаху працягвалася. А яго прычынай хутчэй за ўсё стаў вуж (Natrix natrix), які прапоўз побач з кустом, з якога яго і заўважылі вераб'і і паднялі трывогу.
Гродна, 19-07-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ