У гнёздах барадачоў знайшлі культурныя артэфакты нават па 650 гадоў

барадач

Многія птушкі збіраюць нашы дробныя бытавыя рэчы ці іх рэшткі, як то шматкі пластыкавых пакетаў ці папяровае смецце, і цягнуць сабе ў гнёзды, прычым такія паводзіны досыць распаўсюджаныя. Але, як аказалася, з-за таго, што некаторыя віды сакалоў, арлоў і грыфаў могуць выкарыстоўвываць тыя ж самыя гнёзды нават стагоддзямі, часам можна ў такіх месцах знайсці цікавыя артэфакты жыцця людзей даўно мінулых пакаленняў.

Барадачы (Gypaetus barbatus), якія гняздуюць на скальных выступах ці ў неглыбокіх пячорах, распаўсюджаны ў многіх еўрапейскіх горных сістэмах, у прыватнасці ў Пірэнэях. Клімат многіх такіх рэгіёнаў сухі, асабліва ў пячорах і падобных месцах, дзе знаходзяць гнёзды гэтых птушак. Гэта стварае ідэальныя ўмовы для працяглай кансервацыі многіх рэчаў.

“Паміж 2008 і 2014 гадамі мы знайшлі больш за 50 добра захаваных старых гнёздаў барадача ў тых частках паўднёвай Іспаніі, дзе гэты від знік каля 70–130 гадоў таму. З іх выбралі 12 гнёздаў, і іх гнездавы матэрыял разабралі пласт за пластом паводле археалагічнага стратыграфічнага метаду, а знойдзеныя артэфакты і іх узрост па магчымасці вызначалі” — кажуць даследнікі.

Усяго ў гнёздах было знойдзена 226 рэчаў, зробленых чалавекам ці якія чалавек неяк змяняў: напрыклад, рагатка, зробленая з расліны эспарта, боты, арбалетны затвор, дэкараваны кавалак авечай скуры ды драўлянае кап’ё.

Цікава, што некаторым рэчам, згодна з вынікамі радыёвугляроднага датавання, было больш за 600 гадоў. Акрамя гэтага знайшлі, што рэчы належаць да розных часавых перыядаў, напрыклад, кавалку кошыка, знойдзенаму ў адным з гнёздаў, ‘толькі’ каля 150 гадоў.

У дадатак да рэчаў людзей, даследнікі знайшлі 2117 костак, 86 капытоў, 72 рэшткі скуры жывёл, 11 валасяных рэшткаў і 43 шкарлупініны ад яек. Усё гэта можа даць інфармацыю пра тое, як змяніўся з часам спектр харчавання барадачоў, пра змены ў навакольным асяроддзі і ў складзе дзікіх і свойскіх відаў жывёл. Акрамя гэтага, атрыманыя вынікі могуць патэнцыйна паўплываць на аднаўленне тэрыторыі распаўсюджвання і рэінтрадукцыю відаў.

Крыніца: Margalida А. et al. 2025 The Bearded Vulture as an accumulator of historical remains: Insights for future ecological and biocultural studies, Ecology  DOI: 10.1002/ecy.70191

Паводле www.phys.org падрыхтавала Марыя Кліменцьева

Здымак з https://observation.org 

 

На гэтую тэму:

Знойдзена самае старае гняздо барадача на Іберыйскім паўвостраве, яму каля 30 тысяч гадоў

У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!

Чаму барадач хутчэй за ўсё не ўвайдзе ў асноўны Спіс птушак Беларусі