У 2020-25 гг. вялікай камандзе даследчыкаў атрымалася знайсці і праверыць усе вядомыя месцы гнездавання шэрай чаплі (Ardea cinerea) ў Польшчы. Усяго было знойдзена і апісана 236 калоній рознага памеру (ад 178 да 199 у розныя сезоны).
Від аказаўся найбольш распаўсюджаным (гняздуе ў квадратах 10х10 км) на поўначы і захадзе краіны, прычым у Warmii i на Mazurach такіх квадратаў было найбольш - 15,8%, у Wielkopolsce – 9,5%, на Pomorzu – 8,1% і на Lubelszczyźnie – 8,4%. Найменш распаўсюджаны шэрыя чаплі ў Цэнтральнай Польшчы (Kujawy – 1,6%, Ziemia Łódzka – 2,1% ад усіх квадратаў 10х10 км). Большасць калоній (73-74%) знаходзілася ўздоўж узбярэжжаў розных вадаёмаў і вадацёкаў, найменш іх у гарах (6–7%), прычым самая ‘высокая’ знаходзіцца ў Судэтах на вышыні 580 м н.у.м..
Усяго колькасць віда ў краіне ацэньваецца ў 11.139-13.190 пар. Найбольш чапляў у рэгіёне Памор’я (2.371-2.686 пар), у Варміі і Мазурах (2.001-2.428 пар) i ў Вялікапольшчы (1.803-2.067 пар). Сярэдняя шчыльнасць віда ў Польшчы - 38,3 пар/1 000 кв км (SD = 2,9). Трэнд зменаў колькасці шэрай чаплі паміж 2020 і 2025 гг. быў знойдзены як статыстычна значнае ўмеранае павелічэнне (λ = 1,0335, SE = 0,0073).
Параўнальна невялікія калоніі (ад 1 да 50 пар) склалі 61,3% ад усіх, а калоній з колькасцю больш 200 гнёздаў аказалася найменш - толькі 3,9%. Тым не менш, сярэдні памер калоніі атрымаўся ў 64,3 (SD = 61,6) гнязда. Самая вялікая гнездавая калонія віда ў Польшчы знаходзіцца ў Helenowie (Wielkopolska), у ёй у розныя гады было паміж 318 і 393 гнёздамі.
Самыя вялікія калоніі шэрай чаплі размяшчалі на ўзбярэжжах (у сярэднім у іх знаходзіліся 73,0 гнязда), а меншага памеру на нізінах, на ўзвышшах і ў гарах (адпаведна 60,0, 59,2 i 42,3 пары). На дрэвах размяшчаліся 89,0% (N = 210) калоній, нашмат менш змяшчаліся ў вярбовых хмызняках (Salix sp.) – 5,1% (N = 12) і ў трыснягу (5,9%, N = 14). Большасць гнёздаў чаплі будавалі на соснах Pinus sp. (46,1%) i вольхах Alnus sp. (16,6%). У некаторых выпадках шэрыя чаплі гнездавалі ў змешаных калоніях разам з вялікім бакланам (Phalacrocorax carbo) (11,4% калоній), з вялікай белай чапляй (A. alba) (7,6%), чапляй-кваквай (Nycticorax nycticorax) (3,0%), граком (Corvus frugilegus) (0,8%) i малай белай чапляй (Egretta garzetta) (0,4%).
Вынікі ранейшых даследаванняў пры параўнанні з атрыманымі ў гэтым даследаванні кажуць, што за апошнія 50 гадоў адбылося невялікае павелічэнне колькасці шэрай чаплі ў Польшчы і павялічылася яе распаўсюджанне на поўдні краіны і ў гарах. Найбольш дынамічна колькасць віда павялічвалася на поўдні краіны, тады як у іншых рэгіёнах яна была стабільнай з нязначнымі і кароткачасовымі флуктуацыямі.
Крыніца: Beuch Sz., Wylegala P. 2026 Gniazdowanie czapli siwej Ardea cinerea w Polsce w latach 2020-2025, Ornis Polonica 67: 22-42
Паводле www.ornis-polonica.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Самы доўгі маніторынг гнездавання асобнага віду перайшоў на працу он-лайн
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ