Новае пакаленне пестыцыдаў масава забівае птушак, як раней ДДТ

 Праз трыццаць год пасля таго, як самы сумна знакаміты пестыцыд DDT быў канчаткова забаронены на тэрыторыі Вялікабрытаніі, заходнееўрапейскія навукоўцы сабралі дастаткова доказаў таго, што пестыцыды новага пакалення па ранейшаму невыбарачна і масава забіваюць спачатку насякомых, а потым і птушак. 

Асноўныя эфекты на навакольнае прыроднае асяроддзе групы пестыцыдаў, якія называюцца неанікаціноіды (neonicotinoids), або скарочана неоніксы ('neonics') былі паказаны ў навуковым артыкуле, які ўчора з’явіўся ў навуковым часопісе Nature. Між іншым даследчыкі даказваюць, што добра вядомае значнае змяншэнне папуляцый птушак сельгасландшафтаў, якое адбываецца ў краінах Заходняй Еўропы, моцна скарэляванае з пачаткам выкарыстання гэтых пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы.  

Нідэрландзкія навукоўцы адкрылі, што пестыцыд imidacloprid, які шырока выкарыстоўваецца ў краінах ЭЗ і належыць да групы неоніксаў, у тых мясцінах, дзе ён назапашваўся ў паверхневых водных крыніцах, прыводзіў да значнага змяншэння папуляцый мясцовых відаў птушак. Найбольш адмоўны эфект пестыцыд аказваў на колькасць звычайных шпакоў, палявых вераб’ёў і вясковых ластавак. Значнае змяншэнне колькасці гэтых відаў на пробных пляцоўках было моцна скарэляванае з пачаткам масавага выкарыстання імідаклорпіду ў Нідэрландах з сярэдзіны 1990-х гадоў і не можа быць растлумачана толькі інтэнсіфікацыяй сельскай гаспадаркі ў краіне. 

Параўнальна нязначная канцэнтрацыя гэтага пестыцыду ў вадзе (прыкладна 20 нанаграм на літр) адпавядала за змяншэнне колькасці птушак у гэтых месцах на 30%. Аднак некаторыя правераныя водныя крыніцы мелі нават у 50 разоў большую канцэнтрацыю імідаклорпіду! 

Нават пераважна насеннеядныя віды нашых птушак стараюцца выкармліваць сваіх птушанят вялікай колькасцю насякомых і іх лічынак у якасці багатай крыніцы лёгкадаступнага бялку. Таму яны хутка назапашваюць вялікія канцэнтрацыі пестыцыдаў згодна з правілам харчовай піраміды, што было даказана яшчэ ў 1960-я гады на прыкладзе ДДТ. 

У апошні час было таксама паказана, што неоніксы адпавядаюць за масавую гібель меданосных пчол і іншых насякомых у многіх краінах як мінімум у ЭЗ, здольныя назапашвацца ў больш высокіх ланцугах харчовай піраміды і адмоўна ўдзейнічаюць на хрыбетных жывёл (уключна з чалавекам).  

У сярэдзіне мінулага году пасля звароту многіх прыродаахоўных арганізацый атрымалася значна абмежаваць выкарыстанне трох пестыцыдаў з групы неоніксаў (clothianidin’а, imidacloprid’а і thiametoxam’а) у большасці краін ЭЗ. З 1 снежня 2013 г. імі нельга апрацоўваць насенне, глебу і непасрэдна апырскваць лісце тых раслін, якія апыляюцца пчоламі. Да моманту з’яўлення новых навуковых публікацый, гэтыя і некаторыя іншыя абмежаванні застануцца ў сіле.  Аднак гэтыя абмежаванні не датычацца іншых пестыцыдаў з групы неоніксаў, і не былі падтрыманыя Ўрадам Вялікабрытаніі.

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з маркіроўкай небяспек аднаго з пестыцыдаў Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак

ЗША абмежавалі выкарыстанне небяспечнага для птушак інсектыцыду