Прыкладна 5 ці 6 гадоў таму я вырашыў зрабіць свае назіранні птушак з вакон нашай кватэры на першым паверсе больш камфортнымі для птушак.
Мне што - і цёпла, і святло і камфортна ўнутры, а ім чаго да нас прылятаць акрамя як узімку на сталоўку ці пад старую алычу таўстадзюбам за косткамі?
І вось, ужо маючы адмоўны досвед з працаўнікамі ЖЭСа, пасадзіў пад вокнамі некалькі рабін, а далей - грэцкі арэх, арэшыну-куст і некалькі кусцікаў шыпшыны.
Паступова (амаль) усё гэта расло-расло і сёлета я стаў усё часцей назіраць на маіх дрэўцах-кустах розных птушак - то сінічкі там шукаюць насякомых, то вераб'і выкарыстоўваюць як прысаду, то пячураўкі хутка хаваюцца ў лістоце.
А сёння адбылася самая нечаканая сустрэча - з сарокай на нашым грэцкім арэху!
Каб было зразумелым маё здзіўленне, варта дадаць, што сарокі ў Гродна ў апошнія некалькі год госці рэдкія (у адрозненне ад шэрых варон, гракоў, кавак і нават соек), у цэнтры гораду - дзе жыву - я іх бачу ўпершыню мін гадоў за 10, бо жывуць яны ў нас толькі на ўскрайках гораду.
І вось я чую характэрны трэск за нашым вакном!
Яшчэ не давяраючы сваім вушам - з чым яго можна памыліць?, я бачу маладую птушку, якая стараецца адарваць грэцкі арэх! Стракоча ж яна ці то ад страху - заляцела далёка ад прывычных месцаў, ці то ад напругі і старання пад час спробы адарваць арэх, ці ад усяго разам.
Аднак ніводзін з арэхаў ёй не паддаецца - бо няспелыя яшчэ? і яна пералаятае на суседні ясенелістны клён, дзе стракоча ўжо хутчэй з абурэнннем, а я паспяваю уключыць запіс відэа:
Хутка сарока адлятае, а я застаюся ў здзіўленні ад сустрэчы і з пытаннем - як маладая птушка ўжо ведае, што грэцкія арэхі могуць быць смачнымі для яе?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 16.08.2018 - 11:54
Сёння гучнае стракатанне…
Сёння гучнае стракатанне сарокі пачулася каля 8й раніцы, але нічога зрабіць яна не паспела, бо з суседняга дому выйшлі гуляць з сабакай, а потым навокал загудзел трымер - ЖЭС касіў расліны, якія падраслі пасля апошніх дажджоў.