Дакументацыйныя здымкі
Пасля таго, як у першы дзень новага году тэмпература днём у нас паднялася ажно да +15С, рэшткі снегу растаялі і у другі дзень года вада ў Нёмане моцна паднялася. Рака пачала разлівацца амаль як вясной і заліла купіны трыснягу і большую частку і так нешырокай стужкі вербалозу ўздоўж берагоў.
І вось зранку, на ўскрайку пляжа я пачуў серыі гучнага і непрыемнага патрэсквання ў кустах недалёка ад вады. А праз некалькі секунд убачыў і двух крапіўнікаў (Troglodytes troglodytes). Іх перамяшчэнні - кароткія пералёты, выглядалі як быццам бы адзін з іх, гаспадар, безпаспяхова спрабаваў прагнаць другога - няпрошанага госця, а той увесь час стараўся трымацца на адлегласці каля метра і адлятаць не збіраўся. Гаспадар хваляваўся ад такога непрыхаванага нахабства і ўзбуджана верашчаў. Але пакуль я назіраў за падзеяй, прыкладна хвіліны 3-4, нічога не змянілася. У гэты ж час іншы крапіўнік пачаў трашчаць амаль насупраць, на іншым беразе і я здагадаўся што адбываецца.
А справа была ў тым, што яшчэ прыкладна з сярэдзіны кастрычніка крапіўнікі, якія не збіраліся адлятаць на зімоўку некуды далёка, пачалі спускацца на берагі ручаёў, рэчак і рэк, каб заняць там зімовыя тэрыторыі. Там, дзе вада не замярзае і на беразе расце трыснёг, вербалоз ці іншая расліннасць, можна заўсёды знайсці насякомых, а калі раптам будуць маразы і глыбокі снег, то можна і хавацца ў апошнім.
Зразумела, што першыя птушкі, якія прылятаюць да ракі, маюць магчымасць - і займаюць - лепшыя кавалкі берагу і спачатку яўна завялікія па плошчы, якія ім не ўтрымаць калі прылятаюць іншыя крапіўнікі. Ды і такія вялікія ўчасткі ім і непатрэбныя, каб выжыць зімой. Таму паступова, але няўхільна, да пачатку зімы адбываецца 'ушчыльненне' і першапачатковыя 20 ці нават 25 метраў прыбярэжнай расліннасці змяншаюцца да 15 ці нават 10. А там, дзе яе амаль няма ці яе палоска нешырокая, могуць і застацца амаль першапачатковай велічыні - ніхто на іх асабліва не спакушаецца.
Цікава, што гаспадары звычайна паводзяць сябе аднолькава і агрэсіўна ў адносінах да парушальнікаў сваёй зімовай тэрыторыі: трашчаць, ганяюцца за імі і нават спяваюць. А вось сярод патэнцыйных парушальнікаў я заўважыў 2 розныя стратэгіі паводзін. Першая заключаецца ў тым, што такі крапіўнік прылятае ў месца, якое яму спадабалася і ціха паводзіць сябе там ажно пакуль пад час свайго аблёту яе ці пад час чарговай праверкі яе сапраўдным гаспадаром не акажацца, што яна ўжо занятая. І тады трэба або шукаць зусім іншую, або старацца 'прыстроіцца' недзе побач: або па суседству, або ўклініцца паміж двума ўжо занятымі. Другую стратэгію я бачыў толькі аднойчы, але яна мне спадабалася больш) Крапіўнік выляцеў на край трыснягу і пачаў трашчаць, як бы заяўляючы свае правы на гэтае месца. І я ўжо падумаў, што ён тут гаспадар, але 'гаспадар' не застаўся ахоўваць свой участак, а пачаў пералятаць штораз на 3-5-10 метраў уздоўж берагу і амаль без перапынку трашчаў як бы правакуючы іншых крапіўнікаў паказацца і прагнаць сябе, дэманструючы межы ўжо занятых на зіму тэрыторый. Так ён праляцеў каля 60 метраў і даляцеў да вусця Гараднічанкі. І ніхто яму па дарозе нічога не адказаў і не паказаўся. Дзе гэты крапіўнік застаўся, а што ў выніку заставіў іншым, не ведаю.
У рэшце рэшт здаецца, што ўвесь бераг ракі ўжо падзелены паміж крапіўнікамі. І вось няўдача апошніх дзён - вада паднялася, рака разлілася і многія зімовыя тэрыторыі крапіўнікаў фактычна зніклі ці зменшыліся так, што знік сэнс там знаходзіцца. Прыйшлося пералятаць і шукаць нешта іншае. А дзе яго знайсці, як усё ўжо даўно падзелена?..
Увечары перападзел актыўна працягваўся - у адным месцы, амаль побач адно з адным, трашчалі крапіўнікі адразу на трох участках вербалозу недалёка ад вады.
Нёман у Гродна, 02-01-2023. Здымкі зроблены 25-11-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ