01-03-2011: Нёман пад ільдом

Хаця зімовыя краявіды вельмі выразна падкрэсьліваюць прыгажосьць нашай прыроды і нават сельгаспалеткаў, аднак вясна, не гледзячы на карычневы і шэры замест белага мае ўсё больш працяглыя сьветлыя дні і ўсё больш шанцаў зьмяніць "баланс белага" на сваю карысьць. А сонца, якое нават прыпякае дае надзею, што наступны цыкл жыцьця пачнецца без сумневаў - не гледзячы на мароз ці іншыя зімовыя завядзёнкі. 

Ў такі вось сонечны дзень Першага сакавіка я і працягваў своё бёдуотч ад вусця Ласасянкі ўздоўж Нёмана - пра першую частку глядзі тут: Першы дзень вясны на Ласасянцы
Магутны Нёман, які пратрымаўся без ільду ўсю зіму, раптам пачаў хавацца пад намярзаючымі і напаўзаючымі адна на адну крыгамі яшчэ ў мінулы чацьвер і ... стаў, скаваны ільдом! Спачатку перад мастамі і троху пасля іх, а потым, як аказалася, паўсюль.
Нават тыя плыні амаль чорнага выгляду вады, якія рака здолела прарваць для сябе, таксама замёрзлі зьверху і на адрэзку ад стратэгічнага маста да вусця Ласасянкі я змог убачыць толькі дзьве непрацяглых - м 10-15 кавалкі вады, вольных ад ільду.
Вада значна паднялася - м на 1,5-2, таму ўсе сцяжынкі ўздоўж ракі аказаліся пад вадой. І нават востраў перад Новым мастом абазначаўся толькі вяршалінамі хмызняку.
Вадаплаўных птушак, зразумела, не было. З іншых атрымалася ўбачыць дзразда-піскуна, гілёў, неяк няўпэўнена сьпяваючую вялікую сініцу і шэрую варону. Недзе ў кронах сосен папісквалі каралькі і паўзункі, іншыя сініцы. Ціхенька, але выразна пастуквалі дзятлы. Аднак іх сфатаграфаваць не атрымалася.
Крапіўніка каля кромкі льда я заўважыў толькі з новага маста. Чорная кропка прыгала туды-сюды каля хмызьняку. Але спускацца і вяртацца да яго ўжо не хацелася - ногі былі мокрыя ад патрапіўшага ў боты раней сьнегу, ды і вечар няўмольна насоўваўся.
Таму фоткі таго, што атрымалася ўбачыць на Нёмане ў першы вясновы дзень будуць без крапіўніка: