Хочаш застацца з тым самым партнёрам? - не спазняйся на месца гнездавання

сіняя сініца

Людзі - далёка не адзіныя істоты, якія па розных прычынах могуць разыходзіцца і ствараць новую сям’ю. Для сініц сініц (Cyanistes caeruleus) нядаўна быў вызначаны адзін з галоўных фактараў, які перадвызначае ці партнёры будуць размнажацца ў той самай пары ізноў, ці хутчэй шукаць сабе новую.

Для арнітолагаў “развод” значыць, што абодва партнёры з пары дажылі да наступнага сезону размнажэння, але гняздуюць ужо з іншай птушкай. У розных манагамных відаў з вернасцю партнёру бывае па-рознаму. Так, вядома, што ў вялікіх блакітных чапляў (Ardea herodias) партнёры не размнажаюцца ў тым самым складзе на наступны сезон, у імператарскіх пінгвінаў толькі 15% тых самых пар застаюцца гнездаваць на наступны сезон. У супрацьлегласць гэтым відам, напрыклад, качкі-крыжанкі размнажаюцца той самай парай у 91% выпадкаў, а альбатросы звычайна застаюцца разам да смерці аднаго з партнёраў. Многія даследчыкі факусаваліся на тым, як змена партнёраў уздзейнічае на поспех гнездавання, аднак чаму адбываецца сам “развод” зразумела недастаткова добра.

Бехавіаральны эколаг Кэрал Гілсенан (Carol Gilsenan) з Арніталагічнага інстытуту Макса Планка (Max Planck Institute for Ornithology) (ФРГ) і яе калегі вывучалі сотні сініх сініц на працягу 8 сезонаў гнездавання ў адным з лясоў паўднёвай Германіі. Каб аблегчыць задачу маніторынгу, вывешваліся сінічнікі. Паводле атрыманых імі вынікаў, якія былі апублікаваныя ў навуковым часопісе Animal Behaviour, хаця самкі ў “верных” парах адкладвалі больш яек і выводзілі больш птушанят, 64 % пар на наступны сезон складаліся з новых партнёраў. Галоўнай прычынай “вернасці” аўтары лічаць своечасовасць вяртання на былую гнездавую тэрыторыю абодвух партнёраў: калі птушкі вярталіся прыкладна ў тоц самы дзень, імавернасць іх паноўнага размнажэння ў той самай пары была вельмі вялікай. Калі ж вяртанне адбывалася ў (вельмі) розныя даты, то старыя партнёры хутчэй за ўсё аб’ядноўваліся ў пары з новымі.

“Калі ты вяртаешся першым, то можаш пачакаць былога партнёра, аднак можа быць так, што ён хворы ці ўжо нежывы.” – кажа Гілсенан. “Таму, калі ён доўга не вяртаецца на старае месца, можна прапусціць сезон гнездавання і тады лепш шукаць іншага”. Смяротнасць дарослых птушак (якія пражылі хаця б год) у сініх сініц вельмі вялікая і ў сярэднім роўная 50%. Таму пошук іншага партнёра ў новы сезон для сініц мае вялікі сэнс.

Дадаткова аказалася, што тыя пары, якія трымаліся разам пасля гнездавога сезону, хутчэй за ўсё заставаліся той самай парай і ў наступны сезон гнездавання.

Аднак некаторыя навукоўцы, якія не ўдзельнічалі ў даследаванні, крытычна аднесліся да параўнальна простай інтэрпрэтацыі атрыманых вынікаў. Так, Джош Фірф (Josh A. Firth), заолаг з універсітэту Оксфарда (Вялікабрытанія), наступным чынам пракаментаваў іх: “На жаль, калегі прапусцілі і іншыя магчымыя прычыны “разводаў” у сініц: непаспяховае папярэдняе гнездаванне або малая колькасць выведзеных пад час яго птушанят, нявернасць аднаго з партнёраў пад час папярэдняга гнездавання, генетычная несумяшчальнасць або розныя несінхразаваныя паводзіны. “У папуляцыях дзікіх жывёл развод можа стаць прычынай нават выпадковых паслядоўных прычын, таму іх не варта недаацэньваць”.

Паводле www.scientificamerican.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

БЕЛЫЯ ШЧОКІ АЗНАЧАЮЦЬ ЗДАРОВУЮ СІНІЦУ

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц

Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак

Новы партнёр – новае шчасце?

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці

Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак