Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

    Такая выснова як вынік даследавання выбару самцоў самкамі зебравых амадзін (Taeniopygia guttata) зроблена ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Royal Society journal Proceedings B..
Па дасягненню полавай спеласці (або даросласці), нізкарангавыя самкі гэтага віду птушак яўна аддаюць перавагу песням самцоў такой жа, як у іх кандыцыі, і такім жа самцам.
Эвалюцыйныя біёлагі раней лічылі, што самкі заўсёды (калі маюць адпаведны выбар) аддаюць перавагу лепшым самцам.

    Даследаванне правялі пад кіраўніцтвам Мары-Жан Холвэк (Marie-Jeanne Holveck) у Цэнтры функцыянальнай і эвалюцыйнай біялогіі ў французскім горадзе Монпелье (Montpellier).
Д-р Холвэк растлумачыла, што нізка- і высокакандыцыйныя птушкі адрозніваюцца ў амаль усіх важных рысах, уключна з метабалізмам, працягласцю жыцця і прыцягальнасцю для партнёраў.
Яе каманда была здольная выводзіць высока- і нізкакандыцыйных птушак проста адпаведным чынам рэгулюючы памер вывадкаў, у якіх раслі птушаняты. У вялікіх вывадках большая канкурэнцыя паміж птушанятамі, таму, па словах д-ра Холвэк “у большых вывадках вырастаюць нізкарангавыя птушкі”.
Даследчыкі правяралі выбар самкамі самцоў рознага рангу. "Мы трэніравалі самак у так званых аперантных клетках (operant cage). Птушкі прызвычайваліся выбіраць з двух кнопак, пры націсканні на кожную ўключаўся запіс песні самца”. Песні пад рознымі кнопкамі ўключаліся розныя – пад адной – высокарангавага, а пад другой – нізкарангавага самца.
"Я лічу, што гэта вельмі паказальны тэст, бо менавіта самка паказвае нам якога самца яна хоча слухаць” – падкрэсліла д-р Холвэк.
    Самкі нізкага рангу пастаянна націскалі кнопку, якая ўключала песню нізкарангавага самца. У амадзін толькі самцы спяваюць, таму гэта важны рэпрадуктыўны сігнал для самак.
У другой частцы доследу навукоўцы знайшлі, што перавагі асобным песням таксама пераходзяць на перавагі да самцоў адпаведнага рангу. "І адпаведныя адзін аднаму па кандыцыі партнёры хутчэй размнажаліся: фармавалі пару і адкладвалі яйкі, чым пары з рознаякаснымі партнёрамі”. 
   "Галоўнай прычынай гэтага, мы лічым, можа быць тое, што дзве такія птушкі хутчэй акцэптуюць адна адну. Найбольш здзівіла нас тое, што самкі здольныя зразумець, да якой “катэгорыі” належаць яны самі. Мы плануем далейшыя эксперыменты, каб даведацца як гэта яны робяць.”
    Джозэф Тобіас (Joseph Tobias), заолаг з Оксфардзкага ўніверсітэту, які не ўдзельнічаў у правядзенні даследавання, прызнаў вынікі вельмі цікавымі. "Хаця знойдзенае не пераварочвае да гары нагамі /папярэдні/ эвалюцыйны падыход, яно дазваляе ўбачыць некаторыя цікавыя рашэнні-выбары пад час размнажэння. Таксама гэта ўздымае магчымасць таго, што навакольнае асяроддзе, ў якім вырастаюць птушаняты, моцна ўздзейнічае на выбар партнёра ўжо ў іх дарослым жыцці”.

Фільмік (43’’) з эксперыментаў можна пагялдзець тут: http://news.bbc.co.uk/2/hi/science/nature/8293628.stm

Здымак самкі і самца зебравых амадзін з www.sfu.ca

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by