Самая старая ў Свеце дзікая птушка, якой каля 70 гадоў, ізноў адклала яйка!

Мудрая (Wisdom), самка лайсанскага альбатроса (Phoebastria immutabilis) і, пэўна, самая знакамітая і самая старая вядомая нам дзікая птушка, якая яшчэ размнaжаецца, не толькі вярнулася ізноў на ціхаакіянскі атол Мідуэй Midway Atoll National Wildlife Refuge and Battle of Midway National Memorial. Яе прыбыццё, з вялікім энтузіазмам адзначанае работнікамі рэфугіюма, было асветлена яшчэ больш радаснай падзеяй – старая самка адклала новае яйка!

Штогод больш за тры мільёны (!) альбатросаў і іншых марскіх птушак вяртаюцца размнажацца на Papahānaumokuākea Marine National Monument. Персанал рэфугіюму першы раз убачыў Мудрую і яе партнёра Akeakamai (што з гавайскай перакладаецца як Той, хто любіць мудрасць) каля гнязда яшчэ на прыканцы лістапада – гэтыя альбатросы добра адрозніваюцца ад іншых тым, што маюць каляровыя кольцы, камбінацыі лічбаў і літар на якіх бачныя параўнальна здалёк. І вось 13 снежня Мудрая адклала у гняздо яйка, якое цяпер наседжвае Akeakamai. Пара выкарыстоўвае тое самае гняздо ўжо шмат гадоў. З 2006 году Мудрая штогод падымае на крыло па аднаму птушаню, а за сваё жыццё яна выгадавала ўжо дзесяткі альбатросаў.

“Кожнае яйка, адкладзенае альбатросамі, якія могуць гнездаваць не штогод, вельмі каштоўнае для іх асабіста і для калоніі. Тым больш не з усіх яек у птушак атрымліваецца выгадаваць птушанят” – сказаў Боб Пэйтан (Bob Peiton), лідар праекту па захаванню рэфугіёма, які працуе для U.S. Fish and Wildlife Service.

Звычайна альбатросы пачынаюць вяртацца на атол у кастрычніку. Тады тут збіраюцца на гнездаванне больш за 73% усіх лайсанскіх, 36% чорнаногіх альбатросаў (Phoebastria nigripes) і яшчэ значная колькасць прадстаўнікоў 29 відаў іншых птушак. Атол вольны ад інтрадукаваных драпежнікаў і гэта робіць яго прыродную каштоўнасць яшчэ большай.

Альбатросы маюць мноства праблем і пагроз як у акіяне, дзе на іх чакаюць шматкіламетровыя тралы з прынадай, так і на месцах гнездавання, многія з якіх заселены інвазійнымі чужароднымі відамі, якія з’ядаюць яйкі ці птушанят. Таму падобныя рэфугіюмы маюць каласальную каштоўнасць і павінны быць захаваныя і для птушак, і для людзей.

Паводле www.usfwspacific.tumblr.com (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Шасцідзесяцігадовы альбатрос яшчэ размнажаецца !

Самая старая птушка ў прыродзе ізноў выгадоўвае птушаня

Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца!

Самая старая ў Свеце птушка загнездавала ізноў!

Знакамітая шатландзкая Lady ізноў выгадавала птушаня

Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак

Неверагодны рэкорд доўгажыхарства ад куліка-крыўка

Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё