Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё

 Два нядаўна апублікаваныя навуковыя артыкулы паказалі, што марскія птушкі маюць даволі выразную асабовасць, якая ўздзейнічае на тое, дзе яны харчуюцца і наколькі яны могуць быць паспяховымі ў жыцці. Знойдзеныя заканамернасці могуць мець вялікае значэнне для аховы птушак, таму што, напрыклад, шматяруснае рыбалоўства (long-line fishing) можа мець большы эфект на адных птушак, чым на іншых і прывесці да дысбалансу іх суадносін ва ўсёй папуляцыі.

Вынікі першага даследавання, апублікаваныя ў часопісе Oikos, паказалі, што паўночныя олушы (Sula bаssana)  маюць індывідуальныя стылі рыбалкі, якія мала змяняюцца з часам. Розныя птушкі спецыялізуюцца ў паляванні ў розных месцах акіяну, і нават магчыма, што на розныя тыпы здабычы. Гэтая разнастайнасць дапамагае калоніі зменшыць унутрывідавую канкурэнцыю за ежу. Гэта можа быць таксама важна яшчэ і таму, што іншае даследаванне паказала, як розныя калоніі олушаў рыбачаць у розных частках акваторыі.  

Навукоўцы вывучалі олушаў на двух вялікіх калоніях: Grassholm ля ўзбярэжжа Вялікабрытаніі ў Pembrokeshire і на востраве Rouzic ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Францыі ў Brittany. Аналізаваліся дадзеныя па электроннаму адсочванню перамяшчэнняў птушак на працягу ўсяго году, адначасова са станам марскіх біятопаў.  Дзякуючы гэтаму атрымалася ўпершыню даказаць, што розныя асобіны олушаў па-рознаму рэагуюць на змены ў наваколлі. Аднак даследчыкі не маглі быць упэўненыя ў тым, што адзначаныя адрозненні доўгатэрміновыя ці што з’яўляецца іх першапачатковай прычынай. Магло быць так, што птушкі проста змянялі свае паводзіны ў адказ на змены ў асяроддзі і канкурэнцыі з боку іншых олушаў з той жа калоніі. Усё ж магла існаваць і іншая галоўная прычына адзначаных паводзін і рознай прэферэнцыі да рознай здабычы. І гэтай прычынай могуць быць розныя ўпадабанні птушак да месцаў рыбалкі і здабычы з-за іх розных асабовасцяў. 

Вынікі другога апублікаванага даследавання паспрабавалі адказаць на пастаўленыя пытанні і сумневы пад час вывучэння іншага віда птушак – чорнабровага альбатроса (Diomedea melanophris) на месцы яго гнездавання на архіпелаге Kerguelen у Індыйскім акіяне. Аўтары артыкула спрабавалі размясціць усіх альбатросаў, якіх вывучалі, на асі паміж двума скрайнімі значэннямі самаўпэўненасці птушак: ад вельмі самаўпэненых ('bold') да спакойных ('shy' ), г.зн. супрацьлеглых паводзін, адзначаных у многіх іншых відаў птушак. Больш самаўпэўненыя птушкі былі больш рызыкоўнымі і не баяліся канкурэнцыі, тады як больш спакойныя альбатросы стараліся пазбягаць канфрантацый і выбіралі больш кансерватыўныя паводзіны. 

Для гэтага навукоўцы змяшчалі каля гнязда альбатросаў ярка-ружовы валейбольны мячык і назіралі за іх рэакцыяй. Чым больш птушка цікавілася новым і дзіўным аб’ектам ці праяўляла да яго агрэсіўныя паводзіны, тым бліжэй да крайніх значэнняў самаўпэўненасці адзначалі яе асабовасць навукоўцы. Пасля вызначэння асаблівасцяў асабовасці ўсіх патрэбных птушак, у тым ліку з дапамогай GPS-перадатчыкаў адсочвалася як добра яны знаходзяць ежу і выгадоўваюць птушанят. 

Дзякуючы доўгатэрміновым назіранням атрымалася выявіць, што больш самаўпэўненыя птушкі харчуюцца бліжэй да месцазнаходжання калоніі. Гэта больш плыткія воды і там большая канкурэнцыя за ежу. Больш спакойныя птушкі паказалі тэндэнцыю адлятаць далёка, на глыбокія і багатыя здабычай воды. Такім чынам, “эфект асабовасці” можа змяняцца з года ў год у залежнасці ад таго, колькі харчовых рэсурсаў даступна. У бедныя на ежу гады самкі, якія адлятаюць харчаваца далёка ад месца гнездавання, маюць большы поспех гнездавання, тады як у багатыя на ежу сезоны маюць перавагу тыя самкі, якія рыбачаць недалёка ад калоніі. Самцы ж выйгравалі заўсёды, калі рыбачылі паблізу месцаў гнездавання. 

Д-р Пэтрык лічыць, што неабходны дадатковыя даследаванні для таго, каб зразумець сувязь паміж асабовасцю альбатросаў і іх смяротнасцю ад шматяруснага рыбалоўства, а таксама высновамі і мерамі, якія можна зрабіць, каб зменшыць моцнае ўздзеянне гэтага адмоўнага антрапагеннага фактара на птушак. 

Крыніцы:

S. C. Patrick, S. Bearhop, D. Gremillet, A. Lescroël, W. J. Grecian, T. W. Bodey, K. C. Hamer, E. Wakefield, M. Le Nuz & S. C. Votier. 2014. Individual differences in searching behaviour and spatial foraging consistency in a central place marine predator. Oikos; DOI: 10.1111/j.1600-0706.2013.00406.x.

S. C. Patrick & H. Weimerskirch. 2014. Personality, Foraging and Fitness Consequences in a Long Lived Seabird. PLoS ONE; doi:10.1371/journal.pone.0087269.

Паводле  www.birdguides.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Блакітнаногія олушы (Sula nebouxii) – блізкія крэўныя паўночных олушаў з Перу. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

БУРАВЕСНІКІ ЗМЯНІЛІ СКЛАД ХАРЧАВАННЯ З-ЗА ПРАМЫСЛОВАГА РЫБАЛОЎСТВА

 

КАЧУРКІ ПА ПАХУ АДРОЗНІВАЮЦЬ КРЭЎНЫХ

 

У ОЛУШАЎ УСЁ ПАДЗЕЛЕНА

 

САМАЯ СТАРАЯ ПТУШКА Ў ПРЫРОДЗЕ ІЗНОЎ ВЫГАДОЎВАЕ ПТУШАНЯ

 

АПІСАНА САМАЯ СТАРАЖЫТНАЯ ВАДАПЛАЎНАЯ ПТУШКА, ЯКАЯ ЛЯТАЛА