Негледзячы на вельмі старажытны ўзрост марской птушкі, выкапневыя косткі якой знойдзеныя ў Новай Зеландыі, яна належыць да групы сучасных птушак.
Новаапісаная птушка, якая атрымала навуковую назву Australornis lovei, жыла паміж 60,5 і 61,6 мільёна гадоў таму. Гэта было праз параўнальна непрацяглы час пасля масавага вымірання дыназаўраў і многіх іншых марскіх жывёл.
Д-р Поль Скофілд (Dr Paul Scofield) з Canterbury Museum (Новая Зеландыя) і д-р Джэральд Мэйр (Dr Gerald Mayr) з даследчага інтстытуту Senckenberg і Музею прыроды ў Франкфурце (Германія) апублікавалі вынікі сваёй працы на гэтым тыдні ў часопісе Journal of the Royal Society of New Zealand.
Выкапневыя косткі невядомай для навукі птушкі знайшоў у 2009 годзе ў скалах ранняга палеацэну ў мясцовасці Waipara Greensand каля Canterbury (Паўднёвы востраў) палеантолаг-аматар і калекцыянер Лей Лав (Leigh Love), у гонар якога і назвалі птушку. Птушка не мае ключавых марфалагічных рысаў самага старажытнага вядомага на сёння пінгвіна Waimanu manneringi, рэшткі якога былі знойдзены недалёка ад рэшткаў аўстралорніса і маюць падобны ўзрост.
Выкапневы шкілет самага старажытнага вядомага на сёння пінгвіна Waimanu manneringi з www.otago.ac.nz
Аўтары пішуць, што гэта адна з самых значных знаходак марской раннепалеацэнавай птушкі ў Паўднёвым паўшар’і і яна пацверджвае погляд, што птушкі розных груп сучаснай будовы (Neoaves) былі пашыраныя ўжо ў раннім Палеацэне.
Косткі крыла і пляча аўстралорніса непадобныя на косткі пінгвінаў, але нагадваюць шкілет некаторых сучасных груп, а найбольш на два вымерлыя віды Антарктыкі, якія жылі каля 70 мільёнаў гадоў таму ў познім крэйдавым перыядзе.
Australornis lovei быў памерам з сучасны від баклана Phalacrocorax varius, які цяпер распаўсюджаны на ўзбярэжжах Аўстраліі.
Паводле ўяўленняў навукоўцаў, выкапневыя парэшткі птушкі сфармаваліся ў глыбокай вадзе цёплага мора ля ўзбярэжжа былога кантыненту Зеландыя, фрагментам якога цяпер ёсць Новая Зеландыя. Ў той час Антарктыда і Аўстралія аддзяляліся ад Гандваны, і тагачасны Антарктычны паўвостраў быў нашмат бліжэй да тагачаснай тэрыторыі Новай Зеландыі, чым цяпер.
Паводле www.stuff.co.nz (тэкст і малюнак – рэканструкцыя сучаснага мастака) і www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ