Як мінімум некаторыя трапічныя птушкі наседжваюць свае яйкі значна даўжэй, чым блізкія ім віды ва ўмераным кліматычным поясе. І гэта негледзячы на тое, што ў тропіках нашмат больш драпежнікаў, якія могуць харчавацца іх яйкамі. Доўгі час прычына гэтага заставалася загадкай, аднак нядаўняе даследаванне звязвае гэта новымі метадамі са старай ідэяй пра тое, што хутчэй за ўсё такім чынам у птушанят усталёўваецца больш моцная і эфектыўная імунная сістэма.
Робэрт Рыклефс (Robert Ricklefs) з універсітэту штату Місуры ў Сант-Льюісе пачаў займацца гэтай праблемай яшчэ ў пачатку 1990-х – ён правяраў пробы крыві птушак на наяўнасць мікрапаразітаў, якія выклікаюць малярыю. Тады ён знайшоў, што чым даўжэй перыяд інкубацыі ў віда, тым менш паразітаў у яго крыві.
Новая публікацыя амерыканскага вучонага даказвае, што знойдзеная заканамернасць звязаная з развіццём імуннай сістэмы птушанят – менавіта яна патрабуе больш часу каб змагацца з паразітамі крыві.
Рыклефс з калегамі збіралі пробы крыві ў розных відаў птушак як ва ўмераным кліматычным поясе на ўсходзе ЗША, так і ў тропіках некалькіх краін Паўднёвай Амерыкі і потым правяралі яе на наяўнасць ДНК кравяных паразітаў, у асноўным кравяных спаравікоў з родаў Haemoproteus і Plasmodium. Прыкладна кожная пятая птушка мела паразітаў у сваёй крыві як у трапічным, так і ва ўмераным клімаце, аднак калі паміж рознымі відамі ўмеранай зоны асаблівай розніцы не было знойдзена, то сярод трапічных відаў найменш заражанымі былі менавіта віды з параўнальна доўгім часам інкубацыі.
Крыніца:
Ricklefs, R E, Vincenzo, A E, Medeiros, M C, and Svensson-Coelho, M. 2018. Duration of embryo development and the prevalence of haematozoan blood parasites in birds. The Auk 135: 276-283.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак чайкі Белчэра (Larus belcheri) з Перу яго ж.
На гэтую тэму:
Трапічныя птушкі чакалі на сухапутны “мост”
Калі калібры апынуліся ў Амерыцы і што з гэтага атрымалася
Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак
Адрозненні ў песнях ізалююць віды
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ