Дзьве птушкі, якія выглядаюць для нас таксама, але спяваюць вельмі розныя песні якія не распазнаюць як “свае”, павінны лічыцца рознымі відамі – гэта, як і спіс магчымых новых відаў, прапануе новае даследаванне.
"Песні – вельмі важны кампанент у жыцці птушак. Дзякуючы ім яны выбіраюць сабе партнёра” – кажа Бенджамін Фрыман (Benjamin Freeman), аспірант ўніверсітэту Брытанскай Калумбіі (Канада). "Розныя віды выпрацавалі розныя песні і мы правяралі розныя папуляцыі на гэты конт каб зразумець якія з іх могуць лічыцца рознымі відамі”.
Пасля параўнання песен у 72 звязаных паміж сабой папуляцый птушак, распаўсюджаных у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, даследчыкі прапануюць вылучыць сярод іх 21 новы від.
Тыя арганізмы, якія могуць скрыжоўвацца і даваць пладавітае патомства, лічацца прадстаўнікамі таго ж віду. Аднак могуць існаваць розныя натуральныя перашкоды гэтаму, напрыклад, геаграфічная ізаляцыя або асаблівасці паводзін, якія могуць перашкаджаць у гэтым. У сваім даследавані навукоўцы правяралі як прадстаўнікі розных папуляцый птушак рэагуюць на спевы адзін аднаго.
У тропіках Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, дзе расліннасць можа быць вельмі шчыльнай, многія віды птушак палагаюцца на песні каб паведаміць іншым дзе яны знаходзяцца і такім чынам пазначыць сваю тэрыторыю. У сваіх эксперыментах арнітолагі выкарыстоўвалі развешаныя на дрэвах безправадныя прайгравальнікі, каб праверыць як птушкі розных падвідаў рэагуюць на песні прадстаўнікоў розных папуляцый.
Лічылі, што калі птушка раптоўна не змяняе сваіх звычайных паводзін і ігнаруе песню, якую чуе з прайгравальніка, то гэта значыць, што яна яе не прызнае як песню прадстаўніка свайго віду. Такія гукі для яе не азначалі, што самец таго ж віду парушыў тэрыторыю іншага самца і можа спарыцца з чужой самкай. Аднак калі адбывалася актыўная рэакцыя на песню з прайгравальніка і птушка шукала парушальніка, каб яго прагнаць, лічылі, што яна пазнала песню як прадстаўніка свайго віду.
Гістарычна так склалася, што навукоўцы апісвалі новыя віды тады, калі птушкі знешне выглядалі інакш ці жылі ў аддаленых геаграфічна мясцовасцях.
"Цікава, што дзякуючы аднаму даследаванню на працягу году, мы змаглі знайсці доказы існавання 21 яшчэ неапісанага віда. Мы так многа ведаем пра птушак, але гэта паказвае, што ўсё яшчэ замала.”- сказаў Фрыман.
Аспірант і яго калегі перадалі сабраныя імі дадзеныя пра магчымасць вылучэння новых відаў у адпаведны арніталагічны камітэт, адказны за гэта для птушак Паўднёвай Амерыкі.
Крыніца:
B. G. Freeman and G. A. Montgomery (2017) Using song playback experiments to measure species recognition between geographically isolated populations: A comparison with acoustic trait analyses. The Auk 134(4):857-870. https://doi.org/10.1642/AUK-17-63.1
Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Новы від папугая апісаны ў Мексіцы
Дзякуючы цікавасці да аднаго рэдкага віду птушак у Перу атрымалася знайсці іншы, новы для навукі
Малады арнітолаг апісаў новы від птушак у Андах Перу
У Гімалаях апісаны адразу два новыя віды птушак і чакаецца апісанне трэцяга
Новы від цвыркуна апісаны ў Кітаі
На прыканцы мінулага году ў Бразіліі апісаны новы від птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ