Багіанскі мышыны тапакула Bahian mouse-colored tapaculo (Scytalopus gonzagai) нядаўна быў апісаны навукоўцамі ў рэштках атлантычных лясоў на паўднёвым усходзе Бразіліі і ўжо прызнаны відам, якому пагражае знікненне (endangered).
Да гэтага птушак багіанскага мышынага тапакула лічылі адной з адасобленых папуляцый ужо вядомага мышынага тапакула mouse-colored tapaculo (S. speluncae), які быў апісаны ў 1990-я. Тым не менш, аналіз голасу і марфалагічных асаблівасцяў упэўніў каманду арнітолагаў з Федэральнага ўніверсітэту de Pelotas, што птушкі ўяўляюць асобны від.
Род Scylatopus уключае невялічкіх трапічных птушак з сямейства Тапакулавыя Rhinocryptidae, якія сустракаюцца галоўным чынам у горных рэгіёнах Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі. Вылучэнне новага для навукі віду – не першы выпадак для прадстаўнікоў сямейства, многія віды якога выглядаюць падобна.
“Тапакулавыя з роду Scytalopus маюць доўгую гісторыю таксанамічных праблем, галоўным чынам з-за аднатыпнай марфалогіі” – сказаў кіраўнік каманды даследчыкаў д-р Маркос Борншэйн (Dr. Marcos Bornschein) з бразільскага інстытуту Mater Natura-Instituto de Estudos Ambientaisin Curitiba. Параўнанне знешніх асаблівасцяў 11 здабытых птушак і дадаткова запісы вакалізацыі яшчэ трох, якія не трапілі ў калекцыю, дазволілі знайсці яўныя адрозненні не толькі з мышыным тапакула з іншых частак Бразіліі, але і іншымі прадстаўнікамі роду і ў апярэнні, і морфаметрыі, і ў галасах.
Навуковая відавая назва Scytalopus gonzagai была нададзена птушкам у гонар бразільскага арнітолага праф. Луіза Антоніо Педрэйра Ганзагі (Dr. Luiz Antonio Pedreira Gonzaga) з Нацыянальнага музею ў Рыа дэ Жанэйра (Museu Nacional do Rio de Janeiro).
Багіанскі мышыны тапакула мае ў сярэднім 12-ці сантыметровае цела, цёмна-шэрае аднастайнае апярэнне (адкуль і назва – “мышыны”) і жоўта-карычневыя кіпцюры – ўсё гэта ўскладняе яе абнаружэнне ў густым падросце вільготнага вечназялёнага лесу, дзе тапакула жывуць.
Пасля дакладнага вывучэння адпаведных месцапражыванняў, арнітолагі знайшлі прадстаўнікоў новага віду толькі ў 5 з іх уздоўж двух горных ланцугоў у т.зв. атлантычным лесе на поўдні штата Багія. Гэта галоўным чынам першасны лес, хаця некаторыя птушкі назіраліся ў лесе з парушанай структурай або ў месцах з другасным лесам. Атрымалася і ацаніць плошчу распаўсюджання новаапісанага віду – яна складае каля 6 тысяч га, і яго колькасць – каля 2900 асобін.
З-за таго, што вядомы на сёння арэал віду параўнальна невялікі як і колькасць птушак, а таксама і тое, што месцапражыванні знаходзяцца пад рэальнай пагрозай знішчэння з-за высечак лесу на драўніну, пад пашы і іншыя сельгасземлі, навукоўцы палічылі адпаведным для багіанскага мышынага тапакула статус “пагражаемага” (endangered) паводле крытэрыяў МСАП (IUCN).
Амаль 60% тэрыторыі распаўсюджання новаапісанага віду апынуліся ў не так даўно абвешчаных нацыянальных парках, але рэшта знаходзіцца там, дзе людзі актыўна вынішчаюць лясы. Паводле дадзеных сэрвіса Global Forest Watch, штат Багія толькі паміж 2001 і 2012 гг. страціў амаль 2 мільёны гектараў лясоў, прычым толькі ў 2012 іх паменшала на амаль 200 тысяч га. Такім чынам, у штаце знішчылі 10% усіх сваіх лясоў на працягу аднаго дзесяцігоддзя!
Па ацэнках World Wildlife Fund, атлантычныя лясы Бразіліі некалі займалі больш 1 мільёна кв км, а тое, што засталося з гэтага прыроднага багацця – гэта толькі 7% ад былой велічы. А ўжо ў гэтых лясах толькі 3,5% застаюцца зусім некранутымі чалавекам.
Таму атлантычныя лясы як экасістэма адносяцца да 35 найбольш пагражаемых у Свеце па ўзроўню падтрымання імі біяразнастайнасці. На адным га першаснага лесу тут можна сустрэць да 450 відаў толькі дрэваў, а ўсяго тут было апісана 23 тысячы відаў раслін (з якіх 20% эндэмікі рэгіёну), 264 віды звяроў, амаль 1000 відаў птушак, 456 відаў амфібій і 300 відаў рэптылій, 350 відаў прэснаводных рыб.
У даследаванні, апублікаваным у мінулым годзе ў часопісе Science паказана, што Бразілія магла б захаваць свае атлантычныя лясы, выплачваючы ўладальнікам зямлі субсідыі прыкладна ў 200 мільёнаў даляраў штогод на захаванне там прыроды – гэта складае прыкладна 6,5% ад той сумы, якую ўрад выплочвае штогод як грошы на падтрымку сельскай гаспадаркі.
Крыніца:
Maurício, G. N., Belmonte-Lopes, R., Pacheco, J. F., Silveira, L. F., Whitney, B. M., & Bornschein, M. R. (2014). Taxonomy of “Mouse-colored Tapaculos”(II): An endangered new species from the montane Atlantic Forest of southern Bahia, Brazil (Passeriformes: Rhinocryptidae: Scytalopus). The Auk, 131(4), 643-659.
Паводле www.news.mongabay.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
У ІНДАНЕЗІІ АДКРЫТЫ І АПІСАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК
АПІСАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК – АМАНСКАЯ САВА
НОВЫ ВІД ПТУШАК АПІСАНЫ НА ФІЛІПІНСКІХ АСТРАВАХ
СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!
НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ … Ў СТАЛІЦЫ КАМБОДЖЫ !
Новы від птушак апісаны ў Перу
Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах
Прыярытэты ў ахове птушак расстаўлены няправільна
ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ