Негледзячы на тое, што птушкі з’яўляюцца найбольш вывучанай групай такога рангу сярод усіх жывёл, штогод навукоўцы апісваюць па некалькі новых відаў птушак. Аднак 2013 год значна вылучаецца на гэтым фоне – сёлета апісана ўжо 23 новыя віды! Апошні новы від быў знойдзены на востраве Лузон (Філіпіны) – гэта наземны цвыркун Томпсана (Sierra Madre Ground-Warbler) Robsonius thompsoni.
“Наземныя цвыркуны – ўнікальная група птушак. Яны вядомыя толькі на поўначы Філіпінаў і ў іх няма блізкіх крэўных” – растлумачыў Піт Госнэр (Pete Hosner), аспірант University of Kansas (ЗША) і галоўны аўтар артыкулу пра адкрыццё новага віду, апублікаванага ў часопісе Купераўскага арніталагічнага таварыства (Cooper Ornithological Society) journal Condor.
“Як падказвае іх назва, гэта вераб’іныя птушкі, якія пераважна рухаюцца па зямлі і амаль не лятаюць. Жывуць яны ў густым падлеску, дзе харчуюцца насякомымі. Іх песні – высокія гукі, якія цяжка злакалізаваць у лесе – яны заўсёды ўспрымаюцца як далёкія, нават калі птушка (і крыніца гука) знаходзяцца каля вашых ног”.
Новы від атрымаў сваю ангельскую назву - Sierra Madre Ground-Warbler – у гонар мясцовасці, дзе быў знойдзены. А навуковая назва на лацінскай мове - Robsonius thompsoni – нададзена ў гонар Мэкса Томпсана (Max Thompson), былога прафесара з Інстытуту біяразнастайнасці ўніверсітэту Канзаса (University of Kansas’ Biodiversity Institute). "Ён атрымаў ступень магістра ў гэтым універсітэце ў 1960-я гады за даследаванне птушак Барнэа, а потым вывучаў птушак на ўсіх кантынентах” – сказаў Госнэр. "Калі Мэкс сышоў на пенсію колькі гадоў таму, яго вялікая калекцыя трапіла ў Інстытут біяразнастайнасці нашага ўніверсітэту. Мы хацелі, называючы ў яго гонар новы від, падзякаваць прафесару за яго даследаванні па ўсім свеце і яго ўнёсак у арніталагічныя працы Канзаскага ўніверсітэту”.
Тры віды наземных цвыркуноў з Філіпін, зверху ўніз: Bicol Ground-Warbler Robsonius sorsogonensis, новаапісаны Sierra Madre Ground-Warbler R. thompsoni, і Cordilleran Ground-Warbler R. rabori. Малюнак: Marco A. Pineda M. / The Condor.Новы від падобны да двух іншых вядомых раней відаў наземных цвыркуноў: Бікола Bicol Ground-Warbler і кардылеранскага Cordilleran Ground-Warbler, таму доўга не мог быць заўважаны як асобны таксон. “Цяпер вядома, што ўсё тры віды маюць вельмі падобныя памеры, абрысы і апярэнне ў неполаваспелым уборы ў свой першы год жыцця, аднак заўважна адрозніваюцца ў дарослым апярэнні” - растлумачыў Госнэр. “Прычынай таго, што новы від так доўга заставаўся неапісаным было тое, што дарослае апярэнне першага апісанага віду наземнага цвыркуна – кардылеранскага – было невядома. Гэты від быў апісаны і вядомы толькі па адзінай здабытай маладой птушцы да таго часу, як мы пачалі нашы палявыя даследаванні. І момант адкрыцця наступіў, калі мы ўбачылі дарослых птушак ужо вядомых відаў”.
Пацверджанне значных адрозненняў паміж генатыпамі пацвердзіла здагадку пра асобны відавы статус убачаных у поле птушак. “Калі мы адзначылі розную афарбоўку апярэння паміж дарослымі птушкамі ў Cordillera і Sierra Madre на поўначы вострава Luzon, то секвеніравалі іх ДНК каб вызначыць, ці з’яляюцца адзначаныя адрозненні праяўленнем індывідуальнай разнастайнасці ўнутры віду, ці гэта хутчэй розныя віды. Аказалася, што розніца паміж геномамі птушак істотная і амаль такая ж, як паміж імі і трэцім вядомым відам – наземным цвыркуном Бікола”.
Нагадаем, што не так даўно Пітэр Госнер стаў адным з адкрыўцаў новага віду птушак у Перу: МАЛАДЫ АРНІТОЛАГ АПІСАЎ НОВЫ ВІД ПТУШАК У АНДАХ ПЕРУ
Крыніца:Peter A. Hosner et al. 2013. Phylogeography of the Robsonius Ground-Warblers (Passeriformes: Locustellidae) Reveals an Undescribed Species from Northeastern Luzon, Philippines. The Condor 115 (3): 630-639; doi: 10.1525/cond.2013.120124
Паводле www.sci-news.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by Здымак з www.ornithomedia.comНа гэтую тэму: СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!
НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ … Ў СТАЛІЦЫ КАМБОДЖЫ !
Новы від птушак апісаны ў Перу
Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах
Новы від птушак адкрыты на Барнэа
НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ Ў ЛАОСЕ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ