Новы від цвыркуна апісаны ў Кітаі

Новы від птушак быў апісаны міжнароднай камандай навукоўцаў у Цэнтральным Кітаі. Невялікая карычневая птушка, якая атрымала назву сычуаньскі цвыркун Sichuan bush warbler Locustella chengi, гняздуе ў горным рэгіёне даліны ракі Сычуань на вышыні 1000-2300 м над узроўнем мора. 

Птушка ўпершыню звярнула на сябе ўвагу сваёй песняй яшчэ ў маі 1992 году – ўжо тады двое з цяперашняй каманды арнітолагаў пачалі падазраваць, што гэта можа быць невядомы для навукі від. Пасля перапынку ў амаль два дзесяцігоддзі, атрымалася знайсці птушку ізноў. Цяпер пасля адлову і праведзеных прамераў, аналізу афарбоўкі апярэння і песні, а таксама параўнання ДНК з блізкімі відамі атрымалася даказаць – так, гэта новы від! 

 “Я ўпершыню пачуў гэты від разам з маім сябрам Урбанам Олсанам (Urban Olsson) калі мы падымаліся на святую гару Emei ў правінцыі Сычуань у 1992 годзе” – сказаў Пэр Альстр’ём (Per Alström), прафесар сістэматыкі і эвалюцыі ў Шведзкім універсітэце аграрных навук (Sveriges Lantbruksuniversitet) і галоўны аўтар артыкула пра апісанне новага віду. “Мы пачулі незнаёмы для нас гук з густых зарасцяў высокай травы недалёка ад сцежкі, якой ішлі. Гук не вельмі падобны быў да птушынага, і мы нават паспрачаліся – ці гэта была птушка, ці насякомае, тым больш птушку мы спачатку не змаглі ўбачыць. Аднак потым мы ўсё ж вырашылі, што гэта птушка”. 

І тады атрымалася разгледзець невялікую птушку чакаляднага колеру з цёмным хвастом, доўгімі ружовымі нагамі, вялікімі чорнымі вачыма і такога ж колеру дзюбай. Яна выглядала вельмі падобна да мандэльскага цвыркуна Russet bush warbler Locustella mandelli. Гэты від арнітолагі ведалі па Таіланду. Аднак песня гэтага цвыркуна была не падобна на тое, як спявае мандэльскі цвыркун! На жаль, пасля першага кантакту птушка больш не спявала і не паказалася ім на вочы.  

Сябры вярнуліся неўзабаве ў родную Швецыю, праз нейкі час сталі прафесарамі ў розных тамтэйшых універсітэтах, аднак ніколі не забылі сваю сустрэчу ў гарах Кітаю з загадкавай карычневай птушкай. 

Амаль праз 20 гадоў праф. Альстр’ём вярнуўся ў Кітай як запрошаны лектар у Кітайскую акадэмію навук. Цяпер ён быў здэтэрмінаваны знайсці тую птушку ізноў. Прычым некаторыя кітайскія бёдуотчары – калегі прафесара – таксама ўжо мелі сустрэчы з гэтым цвыркуном. Пад час абмеркаванняў будучай выправы на пошукі птушкі, яны нават пачалі ўжываць яе патэнцыйную назву – “сычуаньскі цвыркун”.  

Пасля таго, як стала зразумела, што “сычуаньскі цвыркун” і мандэльскі цвыркун абодва гняздуюць у Сычуаньскіх гарах, у іх выправілася адмысловая  экспедыцыя кітайскіх навукоўцаў каб больш даведацца пра абодва віды (?). Першы “сычуаньскі цвыркун” быў здабыты 28 мая 2011 году. Ён застаецца галатыпам – г.зн. тым экзэмплярам, паводле якога і апісаны новы від. Пазней атрымалася злапаць, прамераць, запісаць песню і ўзяць узор ДНК ад яшчэ некалькіх птушак. 

Ужо ў лабараторыі было паказана, што паводле параўнання мітахандрыяльных ДНК два віды цвыркуноў хаця і блізкія адзін аднаму, раздзяліліся прыкладна 850 тысяч гадоў таму. Прамеры і дэталі афарбоўкі цела, дзюбы і ног таксама паказалі адрозненне паміж птушкамі абодвух відаў. Акрамя гэтых даволі цяжкіх – калі ўвогуле карысных у палявых умовах адрозненняў, аказалася, што віды вельмі добра адрозніваюцца па песне і новаапісаны від гняздуе звычайна ніжэй у гарах, чым мандэльскі цвыркун.

Новы для навукі цвыркун атрымаў навуковую назву L. chengi, у гонар найвялікшага кітайскага арнітолага сучаснасці прафесара Чэнга Цо-хсіна (Cheng Tso-hsin (1906–1998)). Пасля доўгатэрміновых назіранняў атрымалася паказаць, што новы для навукі від параўнальна звычайны ў гарах Сычуаня і яму не пагражае небяспека знікнення. 

Крыніца:

Per Alström, Canwei Xia, Pamela C Rasmussen, Urban Olsson, Bo Dai, Jian Zhao, Paul J Leader, Geoff J Carey, Lu Dong, Tianlong Cai, Paul I Holt, Hung Le Manh, Gang Song, Yang Liu, Yanyun Zhang and Fumin Lei (2015). Integrative taxonomy of the Russet Bush Warbler Locustella mandelli complex reveals a new species from central ChinaAvian Research6 (9) doi:10.1186/s40657-015-0016-z (OA)

Паводле www.theguardian.com (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

НОВЫ ВІД ПТУШАК, ЯКІ МІМІКРЫРУЕ ПАД ЎЖО ВЯДОМЫ, АПІСАНЫ Ў БРАЗІЛІІ

СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

АПІСАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК – АМАНСКАЯ САВА

НОВЫ ВІД ПТУШАК АПІСАНЫ НА ФІЛІПІНСКІХ АСТРАВАХ

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ … Ў СТАЛІЦЫ КАМБОДЖЫ !

Новы від птушак апісаны ў Перу

Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах

Новы від птушак адкрыты на Барнэа

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ Ў ЛАОСЕ