У Гімалаях апісаны адразу два новыя віды птушак і чакаецца апісанне трэцяга

 

Міжнародная каманда навукоўцаў з Кітаю, ЗША, Індыі і Расіі, якую ачольваў вядомы арнітолаг праф. Пэр Альстр’ём (Per Alström) з універсітэту Уппсалы (Швецыя), апісала новы від птушак, які насяляе гімалайскія лясы і названы гімалайскім лясным драздом Himalayan Forest Thrush (Zoothera salimalii).

Лацінская назва новаапісанай для навукі птушкі створана ў гонар вялікага індыйскага арнітолага мінулага стагоддзя д-ра Саліма Алі (Dr Sálim Ali) (1896-1987), які не толькі шмат зрабіў для пазнання птушак Індыйскага паўкантыненту, але і стаў адным з пачынальнікаў іх аховы. 

Новы від быў адзначаны ўпершыню як новы тады, калі арнітолагі зразумелі, што насамрэч аднакалярова-спіны дрозд Plain-backed Thrush (Zoothera mollissima), у паўночна-усходняй частцы Індыі прадстаўлены двума асобнымі відамі. Найперш ім кінулася ў вушы, што гэты від у хвойных і змешаных горных лясах выконвае меладыйную песню, тады як дразды са скальных участкаў вышэй лясной зоны выконвалі іншыя, значна больш “немузычныя” песні.  

Аналіз музейных збораў, праведзены ў некалькіх краінах, паказаў істотныя адрозненні ў афарбоўцы і структуры апярэння паміж птушкамі і пацвердзіў здагадку, што дразды з усходніх гімалайскіх лясоў яшчэ, насамрэч, неапісаны асобны від.

 Навукоўцы таксама прапанавалі змяніць ангельскую назву ўжо апісанага віду з больш высокіх частак Гімалаяў на “высокагорнага дразда” 'Alpine Thrush' і заставіць першую навуковую лацінскую назву ў адпаведнасці з правіламі заалагічнай наменклатуры Zoothera mollissima.

Далейшы аналіз скурак, песняў і ДНК ад птушак з усяго арэалу былога аднакалярова-спінага дразда дазволіў знайсці трэці від, які распаўсюджаны толькі ў Цэнтральным Кітаі. Ён раней лічыўся падвідам, які навукоўцы прапануюць называць Сычуаньскі лясны дрозд Sichuan Forest Thrush. Яго песня самая “музычная”, а параўнанне ДНК усіх трох відаў паказала, што птушкі адасобіліся некалькі мільёнаў гадоў таму.

Яшчэ больш цікава, што параўнанне генатыпаў скурак драздоў паказала, што ў Кітае павінен быць яшчэ адзін, таксама асобны від дразда, яшчэ невядомы для навукі. Пацверджанне яго статуса патрабуе новых даследаванняў цяпер і ў палявых умовах.

Гімалайскі лясны дрозд параўнальна звычайны ў адпаведных біятопах Гімалаяў паўночна-усходняй часткі Індыі і Паўночнага Кітаю.

Негледзячы на тое, што новыя біялагічныя віды апісваюцца штогод дзесяткамі тысяч, птушкі сярод іх трапляюць параўнальна рэдка – за апошнія 15 год штогод апісвалі ў сярэднім толькі па пяць новых відаў. Галоўным чынам падобныя адкрыцці здзяйснялі ў Паўднёвай Амерыцы.

Гімалайскі лясны дрозд – толькі чацьвёрты новы від птушак,апісаны ў Індыі пасля яе незалежнасці ў 1947 годзе.

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

На здымку з www.shanghaibirding.com – гімалайскі лясны дрозд, сфатаграфаваны ў чэрвені 2014 году ў Dulongjiang, правінцыя Yunnan, Кітай

 

На гэтую тэму:

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Новы від цвыркуна апісаны ў Кітаі

НОВЫ ВІД ПТУШАК, ЯКІ МІМІКРЫРУЕ ПАД ЎЖО ВЯДОМЫ, АПІСАНЫ Ў БРАЗІЛІІ

СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

АПІСАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК – АМАНСКАЯ САВА

НОВЫ ВІД ПТУШАК АПІСАНЫ НА ФІЛІПІНСКІХ АСТРАВАХ

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ … Ў СТАЛІЦЫ КАМБОДЖЫ !

Новы від птушак апісаны ў Перу

Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах

Новы від птушак адкрыты на Барнэа

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ Ў ЛАОСЕ