Страта аднаго з бацькоў амаль не застаўляе шанцаў выжыць птушанятам сініц

сіняя сініца

Да нечаканых вынікаў прыйшла каманда даследчыкаў, якія з дапамогай сучасных метадаў вывучалі асноўныя прычыны смяротнасці вывадкаў у сініх сініц (Cyanistes caeruleus). Аказалася, што калі самец застанецца сам з малымі птушанятамі, то ён амаль не мае шанцаў выгадаваць іх, бо не ўмее абагрэць да з'яўлення ў іх уласнай тэрмарэгуляцыі. Трошкі больш шанцаў на паспяховы вылет малых маюць самотныя самкі.


У Еўропе сінія сініцы - папулярны аб'ект разнастайных даследаванняў. Яны звычайна адкладваюць раз у гнездавы сезон ад 8 да 15 яек, але ў розных гнёздах поспех гнездавання розны і часам можа быць роўны нулю.
Каб лепш зразумець што адбываецца ў выпадках непаспяховага гнездавання, Пітэр Сантэма (Peter Santema) і Барт Кемпенаэрс (Bart Kempenaers) з Max Planck Institute for Ornithology (Seewiesen, Германія) забяспечвалі дарослых сініц простымі электроннымі прыладамі, дзякуючы якім птушкі маглі індывідуальна распазнавацца калі заляталі ў дуплянкi.


На працягу году лічыльнікі ў кожнай з 277 дуплянак запісвалі кожны прылёт пазначанай міні-перадатчыкам птушкі. У выпадку знікнення аднаго з бацькоў, даследчыкі таксама падлічвалі як часта пазасталая дарослая птушка прылятала на гняздо да і пасля знікнення партнёра ці партнёркі. 


З 684 спробаў гнездавання, якія адсочваліся на працягу 7 гадоў, 13% скончыліся няўдачай. Аказалася, што ў амаль усіх падобных выпадках адзін з бацькоў знікаў на рознай стадыі гнездавання. Дзякуючы падрабязным дадзеным па колькасці наведванняў дупла было бачна, што птушкі, якія прапалі, яўна былі здаровымі і не кінулі свой вывадак з-за хваробы або стомленасці. Хутчэй за ўсё, яны сталі ахвярай якога-небудзь драпежніка. 
Аднак страта аднаго з бацькоў не заўсёды азначае гібель усіх птушанятаў з вывадку. У больш, чым 66% выпадкаў калі адзін з бацькоў прападаў пад час пачатку гадавання птушанят, як мінімум некаторыя вырасталі да ўзросту 21 дня - калі яны звычайна вылятаюць з гнязда. Дадаткова аказалася, што імавернасць паспяховага гнездавання большая, калі пад час яго прападае самец, а не самка. 


"Птушаняты не могуць самастойна падтрымліваць тэмпературу свайго цела да таго часу, як у іх пачнуць адрастаць покрыўныя пёры. І толькі самка спраўляецца з тым, каб абаграваць іх" - сказаў Пітэр Сантэма.
Чаму так адбываецца, застаецца незразумелым, бо самец мае такія ж памеры, як і самка. Але гэта тлумачыць той факт, што самцы нашмат менш паспяховыя самотныя бацькі, чым самкі.


У непаспяховых выпадках самотныя бацькі не давалі рады выгадаваць патомства самастойна - яны спачатку значна павялічвалі колькасць прылётаў на гняздо, але потым значна змяншалі. Гэта б значыла, што і самотныя самкі, і самотныя самцы стараюцца выгадаваць сваіх птушанят самастойна, але гэта не заўсёды ў іх атрымліваецца.

Крыніца: 
Peter Santema et al, Complete brood failure in an altricial bird is almost always associated with the sudden and permanent disappearance of a parent, Journal of Animal Ecology (2018). DOI: 10.1111/1365-2656.12848


Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак - Andrzej Smolinski


На гэтую тэму:

Памеры гнязда не маюць сувязі з поспехам гнездавання птушак

Белыя шчокі азначаюць здаровую сініцу

Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх

Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц