Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям

Як і многія іншыя птушкі, вялікія сініцы (Parus major) – вельмі добрыя бацькі, якія часам могуць ахвяраваць сабой каб адагнаць драпежніка ад свайго гнязда. Аднак новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе Biology Letters , паказала, што птушкі далучаюцца да атак на драпежніка ахвотна толькі тады, калі яны слышаць крыкі трывогі ад птушак, якіх добра ведаюць як сваіх суседзяў.

Такія агульныя атакі некалькіх птушак (часам розных відаў) на драпежніка маюць нават адмысловы тэрмін у ангельскай мове - "mobbing", і такія дзеянні зафіксаваныя для многіх відаў, асабліва вераб’іных.  


Аднак даследчыкі зацікавіліся менавіта вялікімі сініцамі, бо ў сваёй папярэдняй працы яны заўважылі, што жыццё птушак у многім залежала ад іх суседзяў. Ада Грабоўска-Жанг (Ada Grabowska-Zhang) з універсітэту Оксфарда, якая ачольвала даследаванне, растлумачыла сваю цікаўнасць наступным чынам: калі сініцы займаюць суседнія генздавыя скрыні на працягу некалькіх гадоў, у іх вылятае нашмат больш птушанят чым звычайна.  “Я падумала, што гэта можа быць звязана з абаронай ад драпежнікаў. Бо, напрыклад, вялікі дзяцел – калі яго не адагнаць, можа засоўваць галаву ў ляток і праглынаць нават вялікіх птушанят”.


Пад час адмысловага “драпежніцтва” на гнёздах, у якіх птушанятам было каля 17 дзён, даследчыкі рабілі шмат шуму і адзначалі час, праз які да крыкаў трывогі птушак-гаспадароў далучацца суседзі. Усе навакольныя птушкі былі пазначаны фарбай рознага колеру на жываце, бо выпэцкваліся ў яе пад час наведвання гнязда, дзе ніжняя частка лятка была спецыяльна афарбаваная.


Атрымалася, што амаль ва ўсіх выпадках да мобінгу далучаліся птушкі з тых суседніх гнездавых скрыняў, гаспадары якіх хаця б адзін папярэдні сезон ужо займалі іх. Навукоўцы вылучылі два магчымых тлумачэнні атрыманых вынікаў:
Птушкі з суседніх гнёздаў далучаюцца да моббінгу таму што думаюць: маё гняздо можа стаць для драпежніка наступным.
Або яны далучаюцца да атак на драпежніка, бо іх суседзі дапамагалі ім прагнаць драпежніка раней.  


Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by