Пра беларускую арніталагічную сенсацыю – у нямецкім часопісе

Мінулы, 2017-ты год у нашай краіне атрымаўся  багаты на арніталагічныя адкрыцці і сенсацыі (у добрым сэнсе гэтага слова). Былі зарэгістраваныя два новыя для Беларусі віды птушак: сібірскі чорнагаловы ерчык і стрынатка-крошка, упершыню даказана гнездаванне шыладзюбкі. Але па еўрапейскіх мерках самым цікавым вынікам нашых назіранняў у 2017-м бясспрэчна можна лічыць першы як мінімум за апошнія 100 гадоў выпадак гнездавання ў нашай краіне стэпавага луня (Circus macrourus).

артыкул

Падрабязна пра яго мы ўжо расказвалі на нашым сайце, нагадаю, што назіранні Уладзіміра Бондара на Магілёўшчыне не адразу і не так лёгка атрымалася правільна інтэрпрэтаваць. І менавіта гэтая гісторыя, ілюстраваная арыгінальнымі здымкамі Уладзіміра і падрыхтаваная мной, зацікавіла рэдакцыю часопіса Der Falke (“Сокал”), які выдае ў Баварыі (Германія) таварыства LBV. Таварыства займаецца там аховай птушак і дзікай прыроды і з’яўляецца адным з двух нямецкіх партнёраў глабальнай асацыяцыі BirdLife International.

артыкулартыкул

Зразумела, што часопіс найперш прысвечаны птушкам і прыродзе Баварыі і Германіі, але у некаторых ранейшых нумарах ужо былі падрабязныя артыкулы, звязаныя або прысвечаныя нашай прыродзе і птушкам. Так, у нумары 3 за 2008 год Марцін Фладэ падрабязна распавядаў пра гісторыю даследаванняў вяртлявай чаротаўкі (у тым ліку і ў нашай краіне), а ў нумары 5 за 2011 год Наталья Карліонава прадставіла баварскім аматарам назіранняў птушак асаблівасці міграцый баталёнаў праз пойму Прыпяці і ў тым жа нумары ёсць вялікі артыкул пра Тураў і навакольную прыроду.

Вельмі прыемна таксама, што адзін з наступных нумароў Der Falke будзе амаль цалкам прсвечаны самым цікавым птушкам Беларусі.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,

выкарыстаны скрыншоты вокладкі і старонак артыкула пра гнездаванне ў нас стэпавага луня

 

 

На гэтую тэму:

На Магілёўшчыне адзначаны на гнездаванні стэпавы лунь – від, які апошні раз гнездаваў у Беларусі 101 год таму!

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў са Спісу Клубу200 за 2017 год

НЕВЕРАГОДНА: СТЕПАВЫ ЛУНЬ УПЕРШЫНЮ ПАСПЯХОВА АДГНЕЗДАВАЎ У ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ І, ПАДОБНА, Ў БЕЛАРУСІ!

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы