Першае вядомае для Заходняй Еўропы гнездаванне стэпавага луня (Circus macrourus), які мае статус, блізкі да глабальна пагражаемага (Near Threatened (IUCN 3.1)), адбылося гэтым летам у Нідэрландах. У пары паспяхова выляцелі 4 птушанят (усе- самкі). Нідэрландзкая працоўная група па поплаўнаму луню (Werkgroep Grauwe Kiekendief (WGK)), якая адпачатку назірала і ахоўвала гняздо ад драпежнікаў і пад час правядзення сельгасработ, назвала гэты выпадак “адной з найбольш магічных падзей у арніталогіі нашай часткі Еўропы, якая адбылася за апошнія дзесяцігоддзі!”
Такі неверагодны для краіны выпадак застаўся незаўважаным нідэрландзкімі бёрдэрамі таму, што від загнездаваў на тыповых сельгасземлях і працоўная група паведаміла пра яго (з-за меркаванняў бяспекі птушак) толькі цяпер, пасля таго як вывадак выляцеў з гнязда.
Птушак першым заўважыў Вілем-Пьер Веллінга (Willem-Pier Vellinga), валанцёр WGK. У мае ён праводзіў улікі звычайных відаў птушак на сваім квадраце і убачыў гнездавыя паводзіны самца. Разам з прыбылым на месца экспертам Бенам Коксам (Ben Koks), дырэктарам WGK, яны знайшлі, што гнездавая тэрыторыя пары знаходзіцца ў азімым ячмені.
Храналогія і асаблівасці гнездавання
Першае яйка хутчэй за ўсё было адкладзена самкай паміж 8 і 10 мая.
Адмысловая сетка была змешчаная вакол гнязда 17 чэрвеня. У гэты час на гняздзе былі 5 птушанят, узростам ад 3 да 11 дзён. Без аховы рызыка таго, што вывадак будзе знойдзены і з’едзены кунай або лісой, было вельмі вялікім.
Акрамя абароны гнязда ад драпежнікаў, было не менш важным прадухіліць паляганне ячменя на гняздо пасля таго, як пачаліся моцныя дажджы.
Азімы ячмень звычайна пачынаюць убіраць у пачатку ліпеня. Працаўнікі і валанцёры працоўнай групы былі на поле пад час уборкі, каб камбайн не параніў ці не забіў птушанят. Двое з іх ужо выляцелі з гнязда, а двое іншых амаль ляталі. Пятае птушанё знікла яшчэ на пачатку птушанёвага перыяда. Усе пазасталыя маладыя птушкі аказаліся самкамі. Яны былі акальцаваныя металічнымі і пластыкавымі кольцамі. Апошняе птушанё пакінула гняздо 12 ліпеня.
Не так даўно ў мінулым стэпавы лунь быў вельмі рэдкім відам для Нідэрландаў і адзначаўся тут толькі пад час міграцый. Аднак у апошнія гады колькасць назіраемых птушак значна павялічылася. У дзве апошнія зімы некалькі птушак нават зазімавалі ў краіне!
Тры гады таму самец стэпавага луня спрабаваў загнездаваць з самкай поплаўнага ў мясцовасці Finsterwolde (правінцыя Groningen, Усходнія Нідэрланды). Аднак спроба гэтая была непаспяховай. Застаецца загадкай, адкуль прыляцелі сёлетнія птушкі і чаму яны вырашылі загнездаваць у Нідэрландах.
Найбліжэйшае вядомае месца гнездавання віду адзначана сёлета пад Oulu ў Фінляндыі. Асноўная ж папуляцыя гняздуе ў стэпах Усходняй Еўропы і Азіі.
Тады як поплаўны лунь, які ў невялікай колькасці рэгулярна гняздуе ў Нідэрландах, палюе ў асноўным на палёвак і іншых грызуноў, загнездавалыя сёлета стэпавыя луні часта назіраліся палюючымі над навакольнымі палямі і паспяхова лавілі вясковых ластавак, вераб’ёў, шпакоў і сініц.
Злётак стэпавага луня на Магілёўшчыне!
Не меншай нечаканасцю можна назваць выдатныя здымкі злётка стэпавага луня, якія на поле убранага азімага рапса зрабіў 15 ліпеня Уладзімір Бондар:
Птушка не лятала актыўна і падоўгу сядзела на зямлі – паводзіны, якія пасуюць для злётка, якому каля1- макісмум 1,5 месяца. У такім узросце маладыя луні амаль не палююць самастойна і паволі перамяшчаюцца ад месца знаходжання гнязда ў бок найбольш частых прылётаў бацькоў са здабычай. То бок птушка яўна вывялася недалёка ад месца яе назірання прыкладна ў пачатку ліпеня і поле азімага распа, на якім яна была знойдзена, як раз пасуе для гнездавання лунёў, якое павінна было пачацца у пачатку мая (інкубацыя і птушанёвы перыяд да вылета з гнязда займаюць разам пр. 2 месяцы). У гэты час азімы рапс - амаль адзіная зялёная расліннасць адпаведнай для пачатку гнездавання лунёў вышыні і параўнальна часта выбіраецца ў Беларусі для гнездавання, напрыклад, поплаўнымі лунямі.
Дадатковым аргументам на карысць мясцовага паходжання птушкі сведчыць факт яе знаходжання на тым самым поле і 18 ліпеня. Па словах Уладзіміра Бондара, "18 июля специально ездил на рапсовое поле, чтобы найти других особей степного луня. За 1,5 часа "дежурства" кроме отмеченной птицы других степных луней не появлялось. Птица вела себя так же - перелетала с места на место в радиусе 100-150 м, плотно полетала над зайцем, который ее не боялся, один раз подлетала поближе рассмотреть меня. Сидя на земле, ближе 80 - 100 м не подпускала."
Па літаратурным звесткам, від “магчыма, гнездаваў ў Палессі ў пачатку ХХ стагоддзя, аднак даставерных доказаў гэтага няма” (Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь, 2006).
Таму нават калі прызнаць гнездаванне віду на нашай тэрыторыі ў пачатку мінулага стагоддзя рэальным, сёлетняя рэгістрацыя віда на гнездаванні ў Беларусі адбылася як мінімум упершыню за 100 апошніх гадоў!
Цікава адзначыць, што ў апошнія гады адбываецца паступовае павелічэнне рэгістрацый віда ў нашай краіне пад час міграцый. Ці звязана яно з павелічэннем актыўнасці арнітолагаў і бёрдэраў, ці сапраўды адлюстроўвае нейкую тэндэнцыю ў распаўсюджанні і колькасці віда, застаецца невядомым.
Рэгістрацыя гнездавання такога выключна рэдкага для Беларусі віду павінна быць зацверджана Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй (БАФК) перш, чым стаць навукова прызнаным фактам.
Паводле www.werkgroepgrauwekiekendief.nl.
(частка тэксту) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі нідэрландзкіх птушак – www.birdfocus.nl
Фоты злётка стэпавага луня зроблены на Магілёўшчыне Уладзімірам Бондарам
На гэтую тэму:
Спіс птушак Нідэрландаў дасягнуў 500 відаў
АРОЛ-МАГІЛЬНІК ЗАЛЯЦЕЎ НА МАГІЛЁЎШЧЫНУ
У ФАУНЕ БЕЛАРУСІ З’ЯВІЎСЯ НОВЫ ГНЯЗДУЮЧЫ ВІД ПТУШАК – ШЫЛАДЗЮБКА!
В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ЧАЙКА-БУРГАМІСТР – АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ
Як рыбакі новы від птушак для Беларусі адкрылі + VIDEO
Паўночная мармытуля – новы для Беларусі гняздуючы від птушак + VIDEO
ПОТЕНЦИАЛЬНЫЕ НОВЫЕ ВИДЫ ПТИЦ ДЛЯ БЕЛАРУСИ: КТО ОНИ?
НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗЛАПАНЫ НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – БЛЕДНАЯ ПЕРАСМЕШКА!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ