Больш траціны відаў са Спіса птушак Беларусі – у абноўленым Спісе відаў Клуба200

Пасля апошняй канферэнцыі Клубу200, са Спісу відаў, якія цікавыя для сябраў Клубу, былі выключаныя 5 відаў і ўнесеныя 5. Здавалася б, колькасна Спіс павінен застацца такім самым, але насамрэч ён павялічыўся, бо аўтаматычна штогод у яго трапляюць новыя віды, адзначаныя ў нашай краіне. Такім чынам, цяпер, паводле апошняй яго версіі, прынятай ў пачатку лютага 2019 году, у Спісе 114 відаў з 332, афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі.

Пасля абмеркаванняў, праведзеных Праўленнем Клуба, у спіс на выключэнне былі ўключаныя тыя некалькі відаў, за кандыдатуры якіх папярэдне выказаліся мінімум 3 з 5 яго чальцоў. Аднак на канферэнцыі Клуба былі падтрыманыя далёка не ўсе кандыдаты на выключэнне і, такім чынам, выключаныя нырок-плёсаўка (Aythya marila), даўганосы савук (Mergus serrator), малая чайка (Hydrocolaeus minutus), рагаты жаўрук (Eremophila alpestris) і попельная чачотка (Carduelis hornemanni).

Тры з пяці гэтых відаў (за выключэннем даўганосага савука) – былі аднымі з самых лёгкіх для назіранняў са Спісу Клубу. Так, паводле трох мінулых гадоў пра назіранні нырка-плёсаўкі  было атрымана 35 паведамленняў у 2016 годзе, 26 у 2017-м і 24 ў 2018-м. Вельмі вялікія шанцы былі сустрэць від асабліва ўвосень, нашмат меншыя- вясной і некаторыя птушкі былі адзначаныя на зімоўцы.

Пра назіранні малай чайкі у 2016 годзе было 14 паведамленняў, 23 ў 2017-м і 28 у 2018-м. Гэтых чаек параўнальна лёгка было сустрэць і вясной, і ўвосень.

Рагаты жаўрук заставаўся адным з самых лёгкіх для сустрэчы відаў са Спісу Клубу200, якія прылятаюць да нас на зімоўку і ў дні з добрым снегам (калі птушкі трымаюцца ўзбочын дарог ці вылятаюць за гастралітамі на іх) яго можна было сустрэць у больш-менш пастаянных месцах зімоўкі па некалькі раз штогод, і нават у розныя гады. У 2016-м пра сустрэчы з відам было атрымана 30 паведамленняў, у 2017-м – 35 паведмленняў, і ў 2018-м -  33 паведамленні.

Іншая сытуацыя з назіраннямі даўганосага савука. Від (як і малая чайка), у невялікай колькасці гняздуе на поўначы краіны. Але пад час міграцыі ці на зімоўцы адзначаецца параўнальна нячаста: 11 разоў адзначаны ў 2016 годзе, 14 паведамленняў пра сустрэчы з відам у 2017-м і 13 паведамленняў у 2018-м.

З попельнай чачоткай, яўныя інвазіі якой дзякуючы працы станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор” на Рассоншчыне былі адзначаныя мінулыя дзве зімы, сытуацыя іншая. На жаль, пасля шматлікіх адловаў у “Сасновым бару” , від быў сёлета выключаны са Спісу БАФК. У 2016-м адбылося 12 рэгістрацый віду (усе – “сасноваборскія”), у 2017-м  - 35 (з іх 26 -  з “Сасновага бору”), у 2018-м – таксама 35 (з іх – 18 са станцыі кальцавання).  Аднак попельная чачотка параўнальна цяжка вызначаецца ў полі, да таго ж мала хто мог пахваліцца тым, што меў від у сваім асабістым спісе да зімы 2017-18 гг. Таму, пасля яго выключэння са Спісу Клуба200, даведацца пра наступныя інвазіі (акрамя, магчыма, поўначы краіны дзе і працуе станцыя кальцавання), наўрацці будзе магчыма.

https://youtu.be/XKd8W_zeg5Q

Усе прапанаваныя да ўключэння віды, трапілі ў Спіс амаль адзінагалосна. Гэта вельмі рэдкі на гнездаванні палявы свірстун (Anthus campestris), яшчэ больш рэдкая сіпуха (Tyto alba) – якая да апошняга часу гнездавала толькі на крайнім захадзе краіны і, магчыма, зможа заняць прапанаваныя для яе гнездавыя скурыні ўнутры сельскагаспадарчых будынкаў на паўднёвым захадзе Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны. Яшчэ адзін уключаны у Спіс цікавых для Клуба – пардва (Lagopus lagopus) – у апошнія гады настолькі хутка зменшыў сваю колькасць з-за цёплых зімаў, што ў бліжэйшае дзесяцігоддзе можа знікнуць на нашых верхавых балотах зусім. Соўка-сплюшка (Otus scops) адзначаецца на гнездаванні выпадкова, а з куліком-марадункай (Xenus cinereus) справа не столькі ў змяншэнні колькасці (хаця яно не выключаецца), а хутчэй у перамяшчэнні гняздуючых птушак з адкрытых пойм нашых паўднёвых рэк, якія параўнальна хутка зарастаюць хмызняком, на іншыя месцы гнездавання – магчыма сажалкі рыбгасаў. Таму праверыць і адсачыць гэтыя змены вельмі цікава.

Цікавых і выніковых назіранняў!

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак соўкі-сплюшкі з Украіны – Оксаны Ралдугінай

 

 

На гэтую тэму:

ВЫДАТНЫ ПАЧАТАК: АГЛЯД ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА СТУДЗЕНЬ-2019

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 1: АД ГАГАЧОЎ ДА КУЛІКОЎ

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 2: АД ЧАЕК ДА ВЕРАБ’ІНЫХ

Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ СА СПІСУ КЛУБУ200 ЗА 2017 ГОД

Сообщение БОФК: список птиц Беларуси увеличился на 3 новых вида