Клеткі дапамагаюць птушкам нават на волі

Эксперыменты па абмежаванню драпежніцтва на гнёздах розных відаў кулікоў праз выкарыстанне ахоўных клетак і выкладванне муляжоў яек аказаліся вельмі эфектыўнымі. Даследаванні праводзіліся ў Швэцыі для таго, каб знайсці нелетальны для драпежнікаў спосаб абмежаваць іх уздзеянне на эмбрыянальную смяротнасць кулікоў.
Каб паспрабаваць прыпыніць рэзкае змяншэнне гняздуючых відаў кулікоў, навукоўцы з універсітэту Гётэнборга (University of Gothenburg) прымянілі кардынальныя метады для аховы гнёзд кнігавак (Vanellus vanellus) і кулікоў-случкоў (Tringa totanus) ад драпежнікаў.
Дэніэл Ісакссан (Daniel Isaksson) з факультэту заалогіі ахоўваў знойдзеныя кулічыныя гнёзды, ставячы над імі спецыяльныя клеткі. Як аказалася, абодва віды кулікоў выводзілі больш птушанят, калі іх гнёзды ахоўваліся такім чынам. “Аднак гэты метад эфектыўны толькі для відаў, якія загадзя пакідаюць кладку перад з’яўленнем драпежніка. Таму што для тых кулікоў, якія застаюцца на гняздзе “да апошняга” такія клеткі могуць стаць сапраўднай лавушкай і ператварыць іх у ахвяры” – сказаў навуковец.

Другі метад заключаўся ў тым, што ў штучныя гнёзды змяшчаліся курыныя яйкі, якія былі расфарбаваныя пад кулічыныя і ўтрымлівалі атрутныя рэчывы, якія выклікаюць ваніты. Асноўная ідэя ў выкарыстанні гэтага метаду была ў тым, каб навучыць драпежнікаў, што яйкі кулікоў “неядальныя”. Аказалася, што драпежніцтва на яйках кулікоў на працягу трох тыдняў пасля яго выкарыстання рэзка зменшылася. “Гэта сведчыць пра высокую эффектыўнасць дадзенага метаду” – сказаў Ісаксан.

Даследаванне таксама паказала, што ўзровень драпежніцтва на гнёздах у вялікай ступені залежыць ад наваколля вакол іх. Вароны любяць паляваць з прысадаў (такіх, як слупы агароджы), з якіх яны амаль без затрат энергіі могуць назіраць за наваколлем і пазбягаць атак кулікоў. Аказалася, што кнігаўкі на працягу апошніх двух гадоў (з трох, калі праводзіліся даследаванні) размяшчаюць свае гнёзды ўсё далей і далей ад такіх прысад варон. Але такім чынам яны змяншаюць плошчы месцаў, дзе могуць гнездаваць, што можа аказваць дадатковы негатыўны ўплыў на памер іх папуляцый.
 

Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Арланы-белахвосты і ягняты

Драпежныя птушкі не пры чым

Крумкач куліку вока не выдзяўбе