Генетычны аналіз парэшткаў мёртвай птушкі паказаў, што існуе невядомая дагэтуль папуляцыя аднаго з невялікіх відаў гагаркавых.
У ліпені мінулага году невялікая мёртвая птушка была знойдзена ў басейне з саленаватай вадой каля капальні паташу ў штаце Нью Мексіка (ЗША). Як аказалася, гэта быў новы для гэтага штату від – пёстры пыжык Brachyramphus perdix з Далёкага Ўсходу.
Вельмі незвычайным для птушкі ў ліпені аказалася адсутнасць слядоў лінькі, аднак сапраўдны час гібелі пыжыка невядомы, бо ў салёнай вадзе магла адбыцца мацэрацыя тканак і насамрэч птушка магла трапіць у Нью Мексіка яшчэ ўзімку.
Па рэштках апярэння і прамерах было можна з высокай імавернасцю меркаваць, што гэта пёстры пыжык, але каб канчаткова ўпэўніцца ў гэтым было вырашана правесці генетычны аналіз. Вынікі гэтага аналізу, які быў праведзены супрацоўнікамі Museum of Southwestern Biology, аказаліся вельмі цікавымі. Першая рэгістрацыя віду была пацверджаная, аднак акрамя несумненнай відавой прыналежнасці была знойдзена таксама 0,5% адрозненні генатыпу ад іншых пёстрых пыжыкаў.
Гэтыя адрозненні кажуць пра тое, што знойдзеная ў Амерыцы птушка паходзіць не з вядомых дагэтуль папуляцый віду, які гняздуе ад узбярэжжаў Ахоцкага мора праз Камчатку (Расія) да вострава Хакайда (Японія). Патрабуецца больш матэрыялу для параўнання, каб вызначыць месца, адкуль паходзіць залётная ў Амерыку птушка.
Узбярэжжа Вялікабрытаніі ў Дэвоне. Тысячы бёдуотчараў назіраюць за пёстрым пыжыкам 12-11-2006. Здымак Dave Appleton з www.flickr.com
Пёстры пыжык уяўляе з сябе параўнальна старажытны від і аддзяліўся ад агульнага з найбліжэйшымі відамі пыжыкаў продка ад 35 да 48 мільёнаў гадоў таму. Аднак праз увесь гэты час мала змяніўся як генетычна, так і фенатыпічна. Знойдзеная ў Нью Мескіка асобіна можа дапамагчы апісаць дагэтуль невядомую геаграфічную морфу віду.
Крыніца:
Witt, C C and Graus, M S. 2010. Molecular data confirm the first record of the Long-billed Murrelet for New Mexico. Western Birds 41: 160-167.
Здымак з www.birdforum.net
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Вадзяных пастушкоў у Еўразіі два віды
Самы рэдкі альбатрос на Зямлі аказаўся асобным відам
Новы від птушак апісаны на Мадагаскары
Складаная генетыка вялікіх паўночных чаек
Адзін від амерыканскіх лесак падзялілі на чатыры
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ