Складаная генетыка вялікіх паўночных чаек

Тая самая каманда генетыкаў, якая даказала, што чайка-клыгун Larus argentatus не ёсць “кальцавым відам”, знайшла дзве асобныя лініі пад час аналізу паходжання ў трох галарктычных відаў паўночна-амерыканскіх і еўразійскіх чаек.


Даследчыкі выкарыстоўвалі секвеніраванне двух мітахандрыяльных генаў з дапамогай AFLP (Amplified Fragment Length Polymorphism) пратаколаў, якія здольныя вызначыць паліморфныя адрозненні паміж блізкакрэўнымі асобінамі. Праца пацвердзіла, што чайка-клыгун насамрэч кангламерат некалькіх таксонаў, якія не з’яўляюцца самымі блізкімі крэўнымі паміж сабой. А таксама, што гэта не “кальцавы від” і што L. argentatus паказвае вынікі гібрыдызацыі ў недалёкім мінулым паміж птушкамі з двух глацыяльных рэфугіумаў (гэта ізаляваныя ад наваколля зоны, ў якіх арганізмы “чакалі” на заканчэнне апошняга ледавіковага перыяду).
Мітахандрыяльныя ДНК чайкі-клыгуна, чайкі-бургамістра L hyperboreus і вялікай марской чайкі L marinus усе паказалі гаплатыпы – выразныя успадкаемныя генетычныя блокі, якія аказаліся біфілетычнымі. Гэтая біфілетычнасць значыць, што кожны від мае дзве добра акрэсленыя лініі альбо “клады”, якія могуць не праяўляць сябе яўна на фенатыпічным узроўні. Гэтыя лініі падзяляюцца на Неарктычныя і Палеарктычныя, хаця ў чайкі-клыгуна не маюць такіх геаграфічных складнікаў у сваім паходжанні. І палеарктычныя чайкі-клыгуны маюць чыстыя клады гаплатыпу 1, тады як неарктычныя папуляцыі маюць сумесь розных гаплатыпаў. Адрозненні найбольш яўныя для чайкі-бургамістра: палеарктычныя папуляцыі якой маюць толькі клады 1 тыпу, тады як неарктычныя – толькі клады 2 тыпу.

Цікава, што L argentatus паказвае выразна падзеленыя на чатыры тыпы субструктуры, і аўтары працы тлумачаць іх параўноўваючы гісторыю паходжання віду з тым, што вядома наконт біягеаграфіі чалавека. Сучасныя людзі збольшага маюць падобныя галатыпы, таму што ў іх гісторыі адбылося перакрыжаванне нешматлікіх асобін пасля таго, як яны перажылі параўнальна невялікую колькасць папуляцыі – калі чалавек разумны заставаўся толькі ў рэфугіуме, а пасля адбылося хуткае павеліченне колькасці і рассяленне. Ў выпадку чайкі-клыгуна даследчыкі знайшлі ў іх генах сведчанне двух старажытных адасабленняў, за якімі адбыўся падзел на паўночныя і паўднёвыя папуляцыі перад тым, як яны сустрэліся зноў. Самыя маладыя гаплатыпы, знойдзеныя ў гэтага віду хутчэй за ўсё супадаюць з яго падзелам на брытанскі падвід L argentatus argenteus і паўночны намінатыўны падвід.

Не гледзячы на поўную рэпрадуктыўную ізаляцыю вялікай марской чайкі з Неарктыкі ад іншых чаек роду Larus, ёсць сведчанні гібрыдызацыі віду з амерыканскай чайкай-клыгуном L smithsonianus, а таксама сляды гаплатыпаў, агульных для першай і чайкі-бургамістра і іншых відаў гэтага комплексу. Гэта паказвае, што першапачатковая магчымасць гібрыдызацыі пасля “сустрэчы” абодвух відаў была параўнальна хутка абмежаваная з’яўленнем эфектыўных ізаліруючых механізамаў на аснове розных паводзін.
Дзве генетычных клады чайкі-бургамістра найбольш яўныя, хутчэй за ўсё дзякуючы гібрыдызацыі і з’яўленню генаў L argentatus у атлантычнай папуляцыі віду і не гледзячы на той факт, што абодва віды сфармаваліся ў басейне Ціхага акіяну.

Падсумоўваючы, гэтыя тры віды паказваюць сведчанні і характар экспансіі ізаліраваных раней таксонаў вялікіх чаек са сваіх ледавіковых рэфугіумаў пад час 2 ці 3 такіх магчымасцяў пад час ледавіковага перыяду, забяспечваючы магчымасць для блізкіх відаў перакрыжоўвацца перад узнікненнем і ўзмацненнем павядзенцкіх механізмаў ізаляцыі і ўтварэння сучасных відаў якія мы і бачым сёння.
Тым не менш, гэты працэс усё яшчэ працягваецца, і мы бачым гібрыды вялікіх белагаловых відаў чаек на ўзроўні асобін і нават некаторых папуляцый.

Далейшыя працы патрэбныя, каб лепш зразумець і растлумачыць складаныя сувязі і паходжанне таксонаў вялікіх паўночных чаек, аднак як мінімум мы пачынаем разумець чаму вызначэнне іх у поле можа быць такім складаным.

Sternkopf, V, Liebers-Helbig, D, Ritz, M S, Zhang, J, Helbig, A J and de Knijff, P. 2010. Introgressive hybridization and the evolutionary history of the herring gull complex revealed by mitochondrial and nuclear DNA. BMC Evolutionary Biology (он-лайн тут: www.biomedcentral.com/1471-2148/10/348


Здымак вялікай марской чайкі www.banja.no
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by


На гэтую тэму:
Эвалюцыя вялікіх відаў чаек

Чайкі ядуць … кітоў

Паходжанне і крэўныя сувязі крабавага пясочніка

Адзін від амерыканскіх лесак падзялілі на чатыры

Марскі і снежны зуйкі – асобныя віды
 Грычуноў больш відаў, чым сцвярджалі дагэтуль?