Пра Алену і Стэфана здымуць фільм

Сёння ў цэнтры Гродна распачаліся здымкі дакументальнага фільму пра сокала-пустальгу (Falco tinnunculus). Зусім не дзіўна, што галоўнымі героямі першага дня здымак сталі нашы самыя знакамітыя птушкі - самка Алена і самец Стэфан, якія атрымалі свае імёны пад час інтэрнет-галасавання на нашым сайце два гады таму.

Фільм стварае здымачная група знакамітага рэжысёра і аператара-анімаліста Ігара Бышнёва з Белвідэацэнтру.

Так атрымалася, што сёлета пара сакалоў з касцёлу бернардынаў доўга не магла выбраць сабе адпаведную нішу для гнязда. Хаця як мінімум пяць папярэдніх сезонаў пустальгі выбіралі нішу за статуяй сваёй пакравіцелькі Святой Алены (у яе гонар атрымала сваё імя самка), ў мінулым годзе адбываўся рамонт фасаду касцёла. І будаўнікі, ставячы рыштаванні, вымусілі самку пакінуць гняздо на амаль 2 гадзіны ў той момант, калі птушаняты з пятага і шостага яек былі напярэдадні вылуплення.

Пасля нашага ўмяшання будаўнікі пакінулі птушак у спакоі, але для гэтых двух эмбрыёнаў такое працяглае ахалоджванне стала фатальным. Хаця далейшыя працы праводзіліся больш асцярожна і ўсе чатары пазасталыя малыя падраслі і паспяхова пакінулі гняздо ў 20-х днях чэрвеня, сокалы, напэўна, расчараваліся ва ўсемагутніцтве сваёй абароны статуяй, тым больш пасля вылету птушанят з гнязда яна была дэмантаваная і адбыла стасоўную рэнавацыю.

Сёлета перад прылётам птушак мы насыпалі ў былой гнездавой нішы два вядры пяску (бо сокалы самі не робяць гнёздаў і не носяць гнездавы матэрыял). Аднак і гэта не дапамагло прыцягнуць птушак у яе  - самец Стэфан - калі не быў заняты паляваннем - увесь час даследаваў розныя закуткі касцёлу на адпаведнай вышыні, а самка Алена неяк безучасна праводзіла гадзіну за гадзіанй і дзень за днём на званніцы.

У мінулую суботу мы вырашылі канчаткова ўпэўніцца, што сокалы выбралі сабе нейкую іншую гнездавую нішу. Аднак аказалася, што лепшай за старую за абноўленай статуяй яны ўсё ж не знайшлі. Тады і было вырашана - зноў усталяваць ІР-камеру за статуяй.

Пад час нашай шматлікай выправы на паддашша касцёлу я гучна апладзіраваў, каб самка загадзя пакінула гняздо. Але яе на гняздзе не аказалася. А ў вырытай ў пяску ямцы ляжала першае яйка:

Мы пачалі як мага хутчэй прыкручваць і падключаць камеру,

а за ўсімі нашымі дзеяннямі ўжо сачыла і фіксавала цікавыя для фільму моманты відэа-камера Ігара і Аляксандра:

Пад час нашых дзеянняў самка вярнулася, але не на гняздо, а на карніз пад статуяй, адкуль ціхенька, але выразна пакрыквала-папісквала. Мы не бачылі яе, яна - нас. І гэта быў ідэальны варыянт для ўсіх.

Хутка мы скончылі інсталяцыю, зноў зацягнулі акенца за статуяй цёмным палатном і спусціліся на другі паверх, каб адладзіць сігнал камеры і яго параметры.

Калі мы выйшлі на вуліцу, раздаўся звонкі голас Стэфана - ён нешта смачнае прынёс самцы, якая праз нейкі час вярнулася на гняздо. І зноў самыя цікавыя моманты былі зафіксаваныя для будучага фільму.

Добра вядома, што пустальга жыве ў нашым горадзе не толькі на касцёле. Таму ў сераду мы наведаем самыя розныя месцы, якія птушкі выбралі для гнездавання.

А на прыканцы тыдня здымачная група паедзе ў самы пустальжыны горад Беларусі - Брэст, дзе працягне фіксаваць асаблівасці жыцця гэтых прыгожых сакалоў і іх узаемаадносін з людзьмі.

Дарэчы, за ўсімі дэталямі сямейнага жыцця адной з тамтэйшых параў можна 24 гадзіны на суткі назіраць он-лайн на нашым сайце тут:

www.birdwatch.by/pustalga_brest2012

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымкі аўтара

Comments

biot1 (госць) - 18.04.2012 - 17:48

Не хотелось бы вносить смуту, но самыми известными птицами являются брестские соколы, а не гродненские. Но понимаю патриотические стремления Димы! Поздравляю с началом съемок! С удовольствием посмотрю фильм!

Сябры, я не спрачаюся, што брэсцкія сокалы самыя вядомыя ў Брэсце і ў іншых частках Сусьвету. Аднак у нашым горадзе самыя вядомыя Алена і Стэфан. І менавіта пра гарадзенцаў тут і напісана.

Пакуль не бачылі. Але з дастаткова блізкай адлегласьці бачылі толькі пару з касьцёла дзякуючы ІР-камеры.

Сёньня атрымалася ўбачыць і зьняць шмат цікавага. Ў адным месцы, дзе ў 2011 і 2010 гг. было па аднаму гнязду па чарзе ў суседніх дамах, цяпер мінімум тры пары! Актыўна пералятаюць з нішы ў нішу і "ваююць" з варонамі і гракамі.

Агульнае ўражаньне - сёлета сокалы пачынаюць гнездаваць нашмат пазьней, хаця прыляцелі да нас раней, чым у мінулыя гады.

Вось фоткі і тэксты з інтэрнет-радыё "Твой стыль":

Птушаняты на касцёле будуць гадавацца пад наглядам web-камеры
http://t-styl.info/by/110/news/7583/%D0%9F%D1%82%D1%83%D1%88%D0%B0%D0%BD%D1%8F%D1%82%D1%8B-%D0%BD%D0%B0-%D0%BA%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%91%D0%BB%D0%B5-%D0%B1%D1%83%D0%B4%D1%83%D1%86%D1%8C-%D0%B3%D0%B0%D0%B4%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D1%86%D1%86%D0%B0-%D0%BF%D0%B0%D0%B4-%D0%BD%D0%B0%D0%B3%D0%BB%D1%8F%D0%B4%D0%B0%D0%BC-web-%D0%BA%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D1%80%D1%8B.htm


Пра сокалаў, якія жывуць на гарадзенскім касцёле, здымуць дакументальны фільм
http://t-styl.info/by/110/news/7573/%D0%9F%D1%80%D0%B0-%D1%81%D0%BE%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%9E-%D1%8F%D0%BA%D1%96%D1%8F-%D0%B6%D1%8B%D0%B2%D1%83%D1%86%D1%8C-%D0%BD%D0%B0-%D0%B3%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D0%BC-%D0%BA%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%91%D0%BB%D0%B5-%D0%B7%D0%B4%D1%8B%D0%BC%D1%83%D1%86%D1%8C-%D0%B4%D0%B0%D0%BA%D1%83%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D1%82%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8B-%D1%84%D1%96%D0%BB%D1%8C%D0%BC.htm