Чубатыя асаеды знаходзяць ежу і па яе паху + VIDEO

 

Чубатыя асаеды (Pernis ptilorhynchus) часта рабуюць пчолаў, каб з’есці іх лічынак ды мёд. Аказалася, што для таго, каб знайсці ежу, птушкі выкарыстоўваюць і нюх, і зрок. Вынікі найноўшага даследавання, якое гэта даказала, былі апублікаваныя ў часопісе з вольным доступам PLoS ONE.

Навукоўцы параўнальна даўно падазравалі, што драпежныя птушкі выкарыстоўваюць сваё пачуццё пахаў для таго, каб знаходзіць ежу. Але дагэтуль бясспрэчна атрымалася даказаць гэта толькі для грыфа-індзейкі (Cathartes aura) – амерыканскага віда-падальшчыка.

Чубатыя асаеды – блізкія крэўныя нашага звычайнага асаеда (Pernis apivorus) і шырока распаўсюджаныя амаль па ўсёй Азіі. На Тайване яны рэгулярна харчуюцца ў апіярыях жоўтай пылковай масай, - шарыкамі памерам з тэнісны. Гэтая маса складаецца з сумесі пылку, соі і цукару, і ёй мясцовыя пчаляры ўзімку падкармліваюць сваіх пчолаў. З-за таго, што гэтая сумесь слаба падобная на прыродную ежу, навукоўцы зацікавіліся як асаеды даведваюцца пра яе прыдатнасць да ежы і склад кампанентаў: выкарыстоўваюць для гэтага толькі нюх, або нюх у камбінацыі са зрокам? 

Для гэтага даследчыкі скарысталі з шэрагу эксперыментаў, калі паасобныя птушкі выбіралі паміж двума шарамі пчалінага прыкорму, якія адрозніваліся наяўнасцю пылку (і яго паху), або колерам. Такім чынам, можна было праверыць ці птушкі выкарыстоўваюць для пошукаў пах пылку і ці колер патэнцыйнай ежы ўздзейнічае на яе выбар.

Навукоўцы знайшлі, што чубатыя асаеды амаль заўсёды выбіраюць шары з пылком калі ёсць выбар “з пылком” ці “без пылка” і шары былі аднолькавага памеру, формы і жоўтага колеру. Аднак зрок таксама адыгрываў важную ролю ў выбары харчавання, таму што птушкі аддавалі перавагу жоўтым шарам з прыкормам перад чорнымі або зялёнымі калі абодва ўтрымлівалі пылок.

У дадатак да гэтага, асаеды выбіралі шары з пылком з пары “з і без пылка” нават калі абодва шары мелі чорны колер, але гэты фактар адыгрываў меншую ролю, калі абодва шары былі жоўтымі. Аўтары артыкулу падкрэслілі, што пачуццё пахаў мае вялікае значэнне для чубатых асаедаў і павінна ўлічвацца пад час вывучэння іх паводзін. 

 

Чубатыя асаеды палююць на многія віды пчолаў ды восаў, каб знайсці іх калоніі. Падаецца, што яны маюць дастаткова моцную імунную сістэму, каб бяз шкоды для сябе вытрымліваць уджаленні нават самых вялікіх шэршняў.

Крыніца:

Yang S-Y, Walther BA, Weng G-J (2015) Stop and Smell the Pollen: The Role of Olfaction and Vision of the Oriental Honey Buzzard in Identifying Food. PLoS ONE 10: e0130191. doi:10.1371/journal.pone.0130191.

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак чубатага асаеда за абедам зроблены ў г.Гандал, Індыя, Дзьмітрыем Вінчэўскім

 

На гэтую тэму:

Сінія сініцы з Корсікі выкарыстоўваюць ароматэрапію