Сінія сініцы з Корсікі выкарыстоўваюць ароматэрапію

    Навукоўцы адкрылі, што гэтыя невялікія птушкі прыносяць у свае дуплы расліны з медычнымі ўласцівасцямі каб дэзінфекаваць гнёзды.
Такія расліны, як мята або лаванда, знойдзеныя ў высцілцы гнёздаў, сапраўды, забіваюць бактэрый. Гэта стварае лепшыя ўмовы для росту птушанят і яны маюць большыя шанцы на выжыванне.
Аднак розныя асобіны сініх сініц (Parus caeruleus) выбіраюць розныя віды раслін і не зразумела, як яны атрымліваюць ці перадаюць свае веды пра карыснасць такой дэзінфекцыі іншым птушкам.

    Некаторыя віды птушак, якія гняздуюцца ў Еўропе, ўжо адзначаліся збіраючымі араматычныя расліны.
Шпакі, напрыклад, часта прыносяць іх кавалкі пад час заляцанняў да самкі. Але як толькі самка адкладзе першае яйка, самцы прыпыняюць свае “араматычныя паказы”.

   Аднак толькі пад час даследаванняў на Корсіцы было заўважана, што мясцовыя сінія сініцы выкладваюць кавалкамі лістоў лаванды, мяты і цміну свае гнёзды. “Мы падумалі, што такія шырока вядомыя ў Міжземнаморскім рэгіёне расліны, якія людзі выкарыстоўваюць у медыцыне, могуць мець нейкія анты-паразітарныя ўласцівасці.” – сказала Адэль Менэрат (Adele Mennerat), цяпер біёлаг універсітэту Bergen (Нарвегія).
Менэрат з калегамі з Французскага нацыянальнага цэнтру навуковых даследаванняў (які знаходзіцца ў Montpellier) і універсітэту Тулузы (Toulouse) пачала спраўджваць, ці адпужваюць гэтыя расліны лічынак мух-кровесмоктак, якія звычайна жывуць у гнёздах сініх сініц, харчуюцца крывёй птушанят і могуць сур’ёзна аслабіць іх.  "Аднак не гледзячы на шматлікія назіранні, ніякага адмоўнага эфекту на дарослых мух ці іх лічынак нам заўважыць не атрымалася” – сказала Менэрат. 
    "Тады пачалі спраўджваць дзеянне араматычных раслін на бактэрый, якія жывуць на птушках”.
І сапраўды, лаванда (Lavandula stoechas), мята (Mentha suaveolens), цмін (Helichrysum itlaicum) і тысячалістнік (Achillea ligustica) значна змянялі склад бактэрый, якія жылі на птушанятах сініц. "Расліны не толькі змяншалі колькасць відаў бактэрый, але і іх агульную колькасць на скуры птушанят, якія акрамя бактэрый, заселены яшчэ і лічынкамі мух-кровесмоктак”. Дагэтуль не зразумела, якія менавіта рэчывы пералічаных вышэй раслін забіваюць бактэрыі.
     Птушаняты з такіх “ароматэрапійных” гнёздаў раслі хутчэй і мелі большую колькасць эрытрацытаў у крыві ў параўнанні з птушанятамі з гнёздаў без раслін. Гэтыя паказчыкі сведчаць пра лепшыя шанцы на выжыванне маладых сініц пасля вылету з гнязда. З чым гэта звязана да канца не зразумела, аднак хутчэй за ўсё жыццё ў дэзінфекаваных гнёздах дазваляе птушанятам траціць менш энергіі на дзеянне імуннай сістэмы і больш – на фізічны рост.
   Тым не менш, шмат чаго яшчэ застаецца незразумелым.
Пакуль не вядомыя іншыя віды птушак, якія б выкарыстоўвалі ароматэрапію падобным чынам. Блізкія віды сініц – вялікая і сівая, не прыносяць іх у свае дуплы. Таму не зразумела, як такія паводзіны маглі ўзнікнуць у сініх сініц.
Цікава, што розныя пары сініц збіраюць і розныя віды араматычных раслін – у залежнасці ад таго, якія з іх растуць паблізу гнязда. 
    "Аднак адна з найбольшых нечаканасцяў была ў тым, што некаторыя самкі паказвалі асабістыя ўпадабанні да розных раслін. Напрыклад, на тэрыторыі з вялікай колькасцю кустоў лаванды некаторыя сінія сініцы збіралі мяту, якую можна было знайсці і прынесці ў дупло толькі здалёк. Чаму ў іх ёсць падобныя ўпадабанні і як яны ўзнікаюць застаецца невядомым.”

Вынікі даследаванняў былі апублікаваныя ў часопісе Oecologia.

Здымак сіняй сініцы Жоржа Гулеўскага, унізе на ім бачна гняздо, выкладзенае лістамі тысячалістніку (здымак P.Bourgault з www.news.bbc.co.uk)

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by

 

Comments