Паўночнаамерыканскі зімародак адзначаны ў Гішпаніі.

18.11.2009 - 02:06 | Kiolk

  Назва прадстаўніка паўночнаамерыканскай арнітафауны: Belted Kingfisher (Ceryle alcyon) на беларускай мове гучыць як перапаясаны зімародак. Менавіта гэтая птушка была адзначаная і сфатаграфаваная 16.11.2009 на ўзбярэжжы Мар-Менор (Mar Menor) на поўдзень ад горада Лос-Алькасарэс, што ў Гішпаніі.

  У Еўропе за апошнія сто год дадзены від адзначаўся не болей за 10 разоў. Першая рэгістрацыя віду ў Еўропе датуецца 1899 годам (Азорскія астравы), праўда, тады птушка была завезена на астравы на параходзе. Для Гішпаніі гэта першая рэгістрацыя перапаясанага зімародка. Яго з’яўленне на гішпанскім узбярэжжы звязваюць з моцнымі атлантычнымі вятрамі. Перапаясаны зімародак гняздуе ў Паўночнай Амерыцы ад Аляскі да Каліфорніі. Займае падобныя біятопы, што і звычайны зімародак. 

Фота A.J.Hernández (аўтара знаходкі) паводле WestPalBirds@yahoogroups.com
Яўген Сліж, спецыяльна для www.birdwatch.by

 

Comments