Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Адзіны

качка-крыжанка

Незразумела чаму, але качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos) у гарадах чамусьці размнажаюцца выразна пазней, чым іх таваркі на іншых тэрыторыях. А для больш позніх выпадкаў гнездавання добра вядома аднолькавая для розных відаў птушак заканамернасць - чым пазней у сезоне адбываецца размнажэнне, тым менш птушанят атрымліваецца 'падняць на крыло' нават у паспяховых вывадках. Таму параўнальна невялікія вывадкі крыжанак, якія сустракаюцца ў гарадах на прыканцы вясны - у пачатку лета справа заканамерная. І з цягам часу, асабліва ў першыя пасля вылуплення качанят дні, на жаль, іх колькасць часта змяншаецца і змяншаецца. Але вось так каб убачыць самку качкі-крыжанкі з адным качанём у мяне атрымалася гэтым летам упершыню.

Я чакаў паздымаць розныя віды птушак у вусці Гараднічанкі, калі даволі хутка шырокі тут і хуткі Нёман бокам да яго плыні перасяклі дзве качкі - дарослая самка качкі-крыжанкі і яе адзінае птушанё ўзростам прыкладна з тыдзень. Качанё ўвесь час старалася трымацца недалёка за мамай, хаця ў некаторых месцах з моцнай плынню яму гэта давалася яўна з цяжкасцю. А калі гэтая невялікая сям'я ужо выплыла на плыткае месца ў вусце Гараднічанкі, малое пачало выдатна капіраваць спосабы харчавання мамы: перакульвацца ў вадзе ўніх галавой і даставаць вялікія кавалкі водных раслін і вадаростаў, а часам і нешта іншае, ці фільтраваць воду ў пошуках дробнй ежы. 

Тут таксама адлегласць паміж птушкамі заставалася невялікай, хаця ніякай гіперапекі з боку мамы я не ўбачыў: усё адбывалася роўна і як і ў іншых качыных сем'ях з большай колькасцю качанят. Можа толькі калі малое хацела пабыць зусім побач, яно без цяжкасці і канкурэнтаў - іншых птушанят - магло гэта зрабіць у любы час. 

Пачалася гэтая гісторыя 22.06, а потым прыкладна ў той самы час у наступныя дні я назіраў тое самае: мама з качанём пераплывала Нёман і харчавалася або адпачывала разам з ім у вусці Гараднічанкі. Ажно птушанё расло і ўсё больш змяняла доўгі і густы пух на пер'е, усё больш і памерамі, і афарбоўкай станавілася падобным да мамы. І вось 02.07 я ўбачыў выразную змену паводзін - падрослае качанё ўжо не плыло за мамай ці побач збоку ад яе, а часта і свабодна абганяла і плыло наперадазе, а дарослая качка старалася трымацца побач з патомкам на невялікай адлегласці ад яго. 

Гродна, 22.06 - 02.07.2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі