Мы прызвычаіліся бачыць амялушак (Bombycilla garrulus) зімой і ў большых ці меншых групах.. Аднак прылятаюць яны да нас калі зіма хутка пачнецца, не ў нас, а на поўначы і светлавы дзень скароціцца там настолькі, што нават мясцовыя ягады не змогуць кампенсаваць страты энергіі марознымі і доўгімі ночамі.
Таму часта першых амялушак можна ўбачыць у нас ужо ў кастычніку, а апошніх часам нават і ў пачатку мая. Але і красавіцкіх убачыць нялёгка, таму сустрэча, ды яшчэ з асобнай птушкай, мяне прыемна здзівіла.
Зразумела, што яе хутчэй за ўсё прывабілі старыя дрэвы з амялой, дзе птушка спаокйна сядзела і нават спала час ад часу.
Знайсці ракурс, каб сфатаграфаваць яе праз хіраспляценне разнастайных галін і галінак аказалася няпроста, але амялушка нікуды не спяўалася,таму і я таксама.
Прыкладна праз поўгадзіны птушка недалёка пераляцела ў стары і шарападобны кусцік амялы і ...растварылася ў ім. Яе зусім не было бачна наступныя хвілін 4, - амялушка яўна харчавалася ягадамі. А потым, пад'еўшы, яна села на іншую старую яблыню побач, дзе здымаць яе было ўжо прасцей і цікавей.
І тут пачалося самае цікавае - амялушка якая і так выглядае як зменшаная копія какаду, пачала перабагаць, прыгнуўшыся, як папугай, па тоўстых галінах і раптам паляцела ў бок недалёкага тут Нёману! Я не зразумеў гэтага манеўру, ажно ўбачыў што птушка села на сцябліну вярбы і п'е ваду!
Потым яна вярнулася, ізноў адпачнула некалькі хвілін і яшчэ з'ела 2-3 ягады на іншым кусціке амялы, ужо на высокай бярозе побач. Пачало змяркацца і я заставіў амялушку адпачываць - раней ці пазней ёй спатрэбіцца шмат энергіі, каб вярнуцца на поўнач на месцы гнездавання. Няхай спакойна назапашвае яе ў тым ліку і на нашых амёлах)
Гродна, 04-04-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ