Я чакаў на беразе рэчкі Гараднічанкі на птушак, а замест іх атрымалася паназіраць за адным з найлепшых прыкладаў мімікрыі, які бачыў на свае вочы. Маю ўвагу прыцягнуў шэршань, які павольна ляцеў невысока над зямлёй і яўна шукаў дзе б яму прызямліцца. Я падыйшоў бліжэй, каб паздымаць яго, і нешта з гэтым шэршнем было не так. Пасля першых здымкаў я разгледзеў насякомае на адным з іх, аказалася, што гэта …начны матыль, які і памерам, і афарбоўкай цела, і формай ды празрыстымі крыльцамі і нават палётам выдатна мімікруе пад шэршня!
Ужо ў хаце я хутка знайшоў яго назву і адна з двух ангельскіх мне спадабалася найбольш - Hornet moth (Sesia (Aegeria) apiformis). Мяркуючы па вялікіх памерах, мне сустрэлася самка, якая жыве не больш за тыдзень, не харчуецца і за гэты час адкладвае да 1800 яек на кару або таполяў, або вербаў. Калі назаўтра я вярнуўся на тое месца на беразе, дзе сустрэў гэтага дзіўнага начнога матыля, то месца гэта як налепш пасавала да патрэбаў самкі – тут раслі 8 высокіх таполяў рознага дыяметру і 5 не вельмі старых, але ўжо і не маладых вербаў.
Лічынкі, ці вусені, харчуюцца драўнінай унутры дрэваў на якія трапілі і лічацца аднымі з асноўных прычынаў прыроднай гібелі нават старых таполяў і вербаў, а ператвараюцца ў імаго толькі на трэці год жыцця. Цікава, ці нейкія жывёлы спрабуюць праверыць сапраўднасць гэтых ‘шэршняў’ – думаю, што не – настолькі яны падобныя на небяспечных насякомых.
Гродна, 21-06-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 26.06.2023 - 22:40
Самка журчалки ( Chrysotoxum…
Самка журчалки ( Chrysotoxum intermedium ), Снял в ПГРЭЗ 20.06.2011 г. Отличная мимикрия под шершня.
Harrier - 26.06.2023 - 23:01
Думаю, што для шэршня яна…
Думаю, што для шэршня яна малавата. Хутчэй мімікрыя пад адну з восаў.