Зіма атрымалася жорсткай, і не толькі для крапіўнікаў (Troglodytes troglodytes) якія засталіся зімаваць. Але ім, напэўна, было вельмі складана. Справа ў тым, што крапіўнікі насекомаядныя і іншая ежа ім не пасуе. Калі глыбокі снег накрыў іх месцы зімоўкі, ды яшчэ трымаліся параўнальна вялікія марозы, ім стала цяжка знаходзіць гэтую ежу. Хаваліся птушкі на беразе Нёмана ў аснаванні кустоў, а дзе знаходзілі насякомых, для мяне загадка. А з-за таго, што тэрыторыя зімоўкі была падзелена яшчэ ўвосень, пашырэнне яе ў левы ці ў правы бок была немагчымай - з абодвух бакоў таксама зімавалі суседзі.
Аднойчы ў моцны мароз я назіраў упорную пагоню аднаго з крапіўнікаў за іншым, які яўна нарушыў небачную мяжу яго зімовай тэрыторыі. Гаспадар выляцеў з аснавання заснежанага кусціка і прагнаў непажаданага госця ў той бок, адкуль той прыляцеў. Аднак заставалася яшчэ адно выйсце, якое крапіўнікі яўна выкарыстоўвалі - яны пашыралі свае тэрыторыі ў супрацьлеглы ад ракі бок. І з надыходам вясны гэтыя "вылазкі" пачалі назірацца часцей.
І хаця кароткія песенкі крапіўнікі пачалі спяваць яшчэ позняй восенню, пасля пачатку сапраўднай зімы яны, па зразумелых прычынах, яны прыпыніліся. І зноў пачаліся толькі на прыканцы лютага, калі нават у марозныя дні, пачало прыпякаць сонца.
Побач з адным са спяваючых самцоў спакойна пералятала іншая птушка - па адсутнасці негатыўнай рэакцыі на яе самца, я зразумеў, што гэта хутчэй за ўсё самка. Значыць атрымалася перазімаваць і самкам і пары ўжо фармуюцца. А вясна ўжо пакажа як будзе далей.
14.02- 09.03.2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў і тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ