Дакументацыйныя здымкі
Як аказалася, багаты сёлета ўраджай вішняў прыцягнуў увагу не толькі задаволеных гаспадароў садоў-людзей, але і шпакоў (Sturnus vulgaris).
Калі мы зранку ўехалі ў вёску, перад намі з вішні на вішню ўжо пераляталі групкі шпакоў ад некалькіх да дзесяткаў птушак. І большасць з іх выбірала або зрывала вішні. І хаця нямногія птушкі праглыналі ягады адразу на дрэве, большасць усё ж старалася зрабіць разнастайныя маніпуляцыі на асфальце ці на зямлі каб не праглынуць костачку, а з'есці толькі сочную мякаць.
Часам, таксама пад дрэвамі, адбываліся спробы клептапаразітызму - адны шпакі спрабавалі адабраць ужо адарваныя ягады ў іншых. А яшчэ радзей маладыя птушкі яўна з-за сваёй недасведчанасці хапалі чырвоныя ад соку костачкі, але адразу разумелі што гэта не ягады і кідалі іх там, дзе і 'знайшлі'.
Людзей шпакі баяліся і стараліся трымацца на бяспечнай адлегласці, таму часта ім прыходзілася пералятаць з месца на месца. Але вішнёвыя дрэвы, усыпаныя ягадамі, раслі пры дарозе амаль ля кожнай хаты, таму галоднымі птушкі яўна не застануцца. Як і людзі, канешне.
Стрыеўка, Гарадзеншчына, 15-07-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ