На нашым беразе Нёмана пасля "рэканструкцыі" т.зв. старага маста і стварэння набярэжнай з пліткі на кіламетра 3 берагу ля вады засталося толькі адно больш-менш старое і тоўстае дрэва - вяз. Ён рассыпае сваё насенне штогод і навокал яго ужо выцягваюцца маладыя вязы вышынёй 3-4 метры і рознай вышыні вербы. Але ўсе гэтыя зараснікі настолькі тонкія, што нават дуплянку-сінічнік там павесіць няма на чым.
Але сініц там параўнальна многа, бо кустоў шмат, апалае лісце ніхто не прыбірае сярод насыпаных на бераг валуноў і меншых камянёў і каменьчыкаў, i там на зіму хаваецца шмат безхрыбетных і іх пошукі часта паспяховыя.
Учора маю ўвагу прыцягнула пара вялікіх сініц (Parus major), якая трымалася разам і самец яўна зацікавіўся усталяваным увосень новым знакам "Няма прыстані", замацаваным на нешырокай трубе. Спачатку я думаў, што сініцы шукаюць на трубе і на знаку павучкоў ці насякомых, якія маглі там застацца з зімы. Але паводзіны яўна адрозніваліся ад пошукаў ежы і я зразумеў, што самец зазірае унутр трубы і хутчэй за ўсё думае пра магчымае там гнездаванне.
Бо падобныя выпадкі не толькі для вялікіх, але і для сініх сініц і іншых невялікіх дуплагнёзднікаў добра вядомыя. І амаль заўсёды заканчваюцца вельмі сумна. Дарослыя птушкі амаль без праблем здольныя заляцець і выляцець нават з вертыкальнай трубы адпаведнага дыяметру, а вось птушаняты - не. Калі гняздо размешчана не каля пачатку трубы, г.зн. неглыбока, яны там і застаюцца назаўсёды - гладкая і вертыкальная паверхня не застаўляе ім шанцаў выбрацца адтуль самастойна.
Таму важна перашкаджаць птушкам гнездаваць у такіх месцах-лавушках. Найлягчэй накрываць падобныя слупы донцам ад пластыкавых бутэлек, а ў гэтым выпадку я проста паклаў зверху невялікі камень.
Гродна, 28-03-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ