Дакументацыйныя здымкі
Калі на прыканцы лістапада пачаліся маразы, 'у горад' пачалі залятаць і паляваць - ці рыбачыць? - па берагах Нёмана вялікія белыя чаплі (Egretta alba). Колькі іх усяго засталося на зіму, дакладна сказаць цяжка, але адначасова я бачыў двух птушак, таму можна лічыць, што мінімум дзве. А калі нарэшце ў снежні выпаў снег, то амаль штодзень чаплі мяне здзіўлялі - падпускалі даволі блізка, а калі нарэшце ўзляталі, я дакараў сябе за тое, што не бачыў іх на белым фоне да іх узлёту.
Пераляталі чаплі з месца на месца даволі часта, ды яшчэ часам і праганялі адна адну з тых лакацый, якія ім здаваліся найлепшымі. Зразумела, што ў маразы доўга падсцерагаць рыбу ў вадзе не будзеш, - хаця вада не бывае халадней за 00С, напэўна доўга стаяць у ёй без руху непрыемна. Ды і хаця нешырокі лёд, які стужкай 'адсунуў' адкрытую ваду ад берагоў, даў магчымасць чаплям лавіць рыбу з яго, чамусці гэтая опцыя не карысталася ў птушак папулярнасцю. А вось незвычайнае 'надлёднае' паляванне, сведкам якога я стаў з супрацьлеглага берага, без льда было б наўрацці магчымае.
Пачынаўся доўгі зімовы вечар і памалу, амаль неадчувальна, змяркалася, калі я заўважыў амаль насупраць сябе, але праз раку, як на лёд села вялікая белая чапля. Яна нядоўна хадзіла, павярнуўшыся дзюбай да вады і даволі хутка ўвагу птушкі прыцягнула нешта сярод прыбярэжнай надводнай расліннасці. Але не на вадзе, а ...на льду! Прычым такіх месцаў, якія вельмі цікавілі чаплю, аказалася два, адно не вельмі далёка ад другога. Яна старалася углядвацца ў іх, як мага ніжэй нахіляючыся туды і застывала ў такім нязручным становішчы на некалькі секунд. Потым магла распраміцца, прайсціся па льду, але вярталася і зноў прасоўвывала галаву як мага ніжэй сярод заламаных сцяблінаў, а адночы вырашыла проста прысесці на лёд побач!
Я думаю, што гэта хутчэй за ўсё мог быць нейкі водны грызун - або 'наша' вадзяная палёўка (Arvicola terrestris), або андатра (Ondatra zibethicus) (інтрадуцэнт з Паўночнай Амерыкі), якіх чапля не бачыла, але чула, як яны ядуць-грызуць нешта зусім побач. І чакала на момант, калі ўбачыць і зможа нанесці дзюбай вырашальны ўдар. Аднак час ішоў, і хаця (як аказалася пазней), прайшло толькі 10 хвілін ад пачатку палявання, пальцы мае не проста замёрзлі ў пальчатках, але і пачалі балець. І я вырашыў больш не чакаць на поспех чаплі. Таму так і не даведаўся на каго яна палявала і як усё скончылася.
Нёман у Гродна, 07-12-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ