Працяг. Пачатак гісторыі ТУТ
Хаця пасля першага сёлетняга назірання вялікага галуба (Columba palumbus) пад дубамі я стараўся праходзіць там штодзень, наша наступная сустрэча адбылася толькі амаль праз тыдзень. Хутчэй за ўсё гэта быў той самы малады голуб, у якога яшчэ цалкам не адрасло пер'е на галаве. Але можа і іншы - у той жа дзень я адначасова бачыў там двух вялікіх галубоў.
У гэты раз птушка была яшчэ больш пераборлівай, чым у мінулы і ў сярэднім праглынала толькі кожны 10 жолуд, які брала ў дзюбу! Прычым большасць з іх падымала-'каштавала' двойчы:
У гэты раз голубу ніхто не перашкаджаў і толькі калі ён у рэшце-рэшт праглынуў не менш 10 жалудоў, то ўзляцеў на адну з дубовых галінаў і назіраючы за наваколлем, стаў іх ператраўліваць.
Пад дубамі валялася шмат жалудоў і я вырашыў праверыць-параўнаць на дотык і вагу некалькі з іх, каб паспрабаваць зразумець як голуб выбіраў тыя, якія з'ядаў і тыя, якія кідаў назад на зямлю. Аднак знайсці значныя адрозненні паміж жалудамі ў мяне не атрымалася. Хаця 2 з прыкладна 20 жалудоў аказаліся трошкі меншага памеру за рэшту і таму я адчуў іх трошкі меншую вагу, аднак іх доля была ў сярэднім 1 з 10, а не 9 з 10 (столькі адкінуў і не праглынуў голуб). Ды і чаму яму маглі б не спадабацца троху меншыя жалуды каб іх не есці, я не зразумеў.
Так і засталася гэтая загадка неразгаданай.
Гродна, 09-10-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ