=Merlin на Палессі=

 “Тураўскі луг”

І зноў і зноў цягне на волю. Жаданне быць сярод прыроды жывой вельмі моцнае.

Луг ля Турава зранку здаўся нейкім чароўным. Не, не ад галасоў батальёнаў, марадунак, грыцукоў, а ад лёгкага ветрыку, які цягне ў сваім паветры пах восеньскі, халодны і бадзёры, на сваіх крылах ён нясе туман і першыя восеньскія промні сонейка, якое яшчэ пакуль  цёплае і пяшчотнае, ад таго, што сярод гэтай прахлады хочацца хоць трошачкі сагрэцца ў яго малодзенькіх праменьчыках.

Конік, які, напэўна, сустрэў не толькі гэту ясненькую раніцу разам з намі, а яшчэ і правёў у ноч адзін з першых восеньскіх дзянькоў, дадае гэтаму палескаму асяроддзю рамантычны каларыт.

Але нават у самых цяжкіх гідралагічых умовах ён “аддаў” нам першыя віды птушак. Некалькі крыжанак падалі свае галасы сярод туману над амаль сухім Стуменем. Кулічкоў было зусім не багата… А хатнія гусі гагаталі амаль без прыпынку, адзін за другім яны патрабавалі вызначыцца нам да іх і гэтым, канешне, трошкі перашкаджалі слухаць і вызначаць. Потым адзін з такіх актыўных, выцягнуўшы шыю ў мой бок, нагадаў, што трэба табе чалавек рухацца хутчэў, каб паспець да 18 гадзін вярнуцца да дому… J Адказнасці дадаў шуляк-карагольчык, які з вельмі сур’ёзным відам праляцеў над асядаючай пярынай туману над Прыпяццю. Нават яго грозны позірк, які, канешне, немагчыма было так адразу разглядзець, чытаўся і ўявіўся ў думках адразу…

Добра, калі напачатку рознай справы ўсё складна і да душы. Рака, туман, сонейка, рамантычны конік, птушкі і мэта аднолькавая сярод усіх яе ўдзельнікаў. Гэтыя акалічнасці безумоўна надаюць пачатай справе добры настрой. 

                                                                                 “Пойменная дубрава”

Вёска палешукоў Азераны – сёння яшчэ пасёлак, і гэта не можа не радаваць. Тут усё яшчэ як раней: ідзе жыццё і дапамагае гэтаму моладзь. З усіх вёсак, што сустрэліся пад час падарожжа па Палёссю, тут былі самыя ўраджайныя яблыні з рубінавымі яблыкамі.

Не даязджаючы дубравы, на слупку бачым сірыйскага дзятла. Напэўна выглядвае ён самыя лепшыя рубіны на яблынях, каб потым пасмакаваць, такія смачныя для яго, косткі.

І вось мы нібы над далонямі з магутнымі пальцамі, як у сапраўдных працавітых палешукоў. Магутныя дубы самымі апошнімі падпарадкуюцца восені. Зараз яны яшчэ ў насычаным зялёным убранні. А пакуль гэтае ўбранне калыхае яшчэ цёплае паветра, птушкі па-восеньскі спяюць. Слухаем… Здаўна яны не змянялі сваіх нот. Цікава, ноты гэтыя перадаюцца ўжо колькі стагоддзяў. Калі ж голас гэтай птушкі  ўпершыню пачаў гучаць ў паветры, над зямлёю гэтая песня палілася. І пэўна ніколі, ніхто не зможа адказаць на гэта. А колькі, колькі іх такіх розных, непаўторных! Кожныя розныя. Гукі можна параўноваць з музыкай розных стыляў. Нават спяюць яны рознымі па колькасці групамі. Канцэрт! Канешне зараз ў восень, ён не такі як вясною. Больш загадкавы і спакойны. Менавіта, такімі гукамі розных птушак, а за імі і думкамі сустрэла нас палеская дубрава.

А палешук застаўся такім жа самабытным. З жаданнем даехаць як мага бліжэй, машыну атрымалася паставіць на дарозе, якая падыходзіць толькі для язды на лісапедзе, з якой добра спраўляюцца тутэйшыя. Ехаць задам амаль 800 метраў не вельмі проста, таму прыйшлося разварочвацца. У гэты момант дарога нас вырашыла не адпускаць. Заднія колы апынуліся ў палоне крутога ўклона і мокрай травы. На дапамогу мясцовыя мужыкі пайшлі як па-суседску. Праходзячыя побач з машынай жанчыны здзіўлена глядзелі на нас, разважаючы аб тым, што вось ўжо на машыне за журавінамі хочуць ездзіць.

 

“Дарога да Сяльца”

Перад тым, як накіравацца на рыбгас, вырашылі наведаць старыя польдэры на мяжы з нацыянальным паркам. Сёлета дарога ў Тураў праз Калінкавічы нагадвае больш дарогу недзе ў Смаленскай вобласці з ямамі на паўкола. Вясною і летам у Тураў было лягчэй дабірацца праз Лельчыцы. Гэты шлях з больш якаснай дарогай, ды і больш жывапіснай. Амаль кожны раз на полі перед уездам у нацыянальны парк з боку Турава сустракаецца штосьці цікавае. Так атрымалася і зараз. Адразу заўважаем малога арляца, а побач даволі вялікага па памерам арла. Атрымалася зрабіць некалькі здымкаў. Птушка нібы не заўважыла нас. Вырашаем падыйсці бліжэй.

Вялізарны размах шырокіх крылаў навёў хмару сумненняў. Прыгожы вольны палёт гэтай птушкі таксама не можа не ўразіць. Усё ж разам атрымалася вызначыць вялікага арляца. Хутка над дарогай з’явілася пара арлоў-вужаедаў, не меньш цікавы від, асабліва, калі ёсць магчымасць доўга назіраць за ім.

Аб’ёмныя хмары, падкрэсленыя сонечным светам, амаль увесь час плылі над дарогай. У гэты дзень, нібы згаварыўшыся, палешукі капалі бульбу. Куды не глянь – усюды роўненькім ланцужком расстаўленыя мяшкі з толькі выкапаным ураджаем. На перапаханых палях увесь час сустракаліся вялізарныя гурты кнігавак.

На адных палях яны проста адпачывалі, а на другіх былі заняты пошукам ежы. Нібы спутнікі, сярод кнігавак мятусліва прысутнічалі шпакі. Вось яны ўжо ў паветры ўсе разам. Тысячны шар пачынае каціцца. Унутры  ён сапраўды жывы. Гэта выява нагадвае чароўную трубу з дзяцінства. Калі назіраеш у яе, то ў ёй перад вокам уяўляюцца розныя чароўныя ўзоры. Так і з шарам з шпакоў.

Вось і  доўгачаканы ўсімі белы бусел. Нерухома ён стаіць на ўскраіне поля. Сумны. Ён нібы думкамі развітваецца з роднай зямлёй, каб потым зноў на яе вярнуцца.

Праязжаючы побач з адным з невялікіх вадасховішчаў, не гледзячы на сціснуты графік нашай вандроўкі, вырашаем заехаць і паназіраць. Тут качкі. Каля 80 асоб. Рзглядаючы іх ў бінокаль, на вочы папала качка з цікавай белай плямай на шыі. Потым да ёй знайшлася пара. Цікавае ўбранне.

Мы ўсё бліжэй да цэлі…

                                                                                            “Рыбгас Сялец”

Перад шлагбаўмам нас сустрэла строгая жанчына. Узнаўшы пра мэты нашага прыезду, яна без праблем прапусціла нас у краіну арланаў.  Зразумела, бо ў гэты дзень на рыбгас наведалася рэкордная колькосць аматараў птушак.

На прешы позірк тэрыторыя рыбгаса зусім не нагадвала рыбгасы гомельскай вобласці. Пруды з роўнымі краямі, добра зробленыя гравейныя дарогі – парадак.

Адразу накіроўваемся на спушчаны пруд. Па дарозе сустракаем шыпуноў. Яны амаль на кожным пруду. Здалёк, нават з за шкла машыны, бачны лятаючыя над спушчаным прудам арланы. Вялікую птушку даводзілася ні адзін раз бачыць у даволі дзікіх месцах, далёка ад чалавека. А тут усё побач і такая колькасць! Некалькі птушак аблюбавалі сухую ветку, дзве дарослыя на невялічкім астраўке былога дна пруда распраўляюцца з адлоўленымі карпамі.  А моладзь пакуль назірае за ўсім зверху. Ступаючы арлан- гэта зусім смешная выява.Схапіўшы ў магутную лапу карпа, ён, перавальваючы свой вес з адной нагі на другую, нязграбна пачынае крочыць з мэтай, знайсці прыгоднае месца для піру.

На другім астраўке парадак сярод сваіх суседзяў наводзіць чэграва.  Не гледзячы на свае памеры адносна большых чаек, крычак, у яе гэта атрымоўваецца з поспехам. Паважна адносяцца да такога далёкага госця-мігранта. А прыгожы чорны кепчык на галаве,  з аэрадынамічным выцягнутым з яго пер’ем, надае птушцы і сапраўды вікінгскі від. Прыемная сустрэча. А гэта ўжо 103 від.  Развітаўся рыбгас з намі парай шыраканосак і шэрашчокая коўра. Не багата, але галоўнае – уражанне ад убачаннага.

“Доўгая дарога да дому”

Адзін за адным цягнуцца палеткі ўздоўж дарогі. Пад вечар восеньскія клопаты на зямлі сціхаюць. Думкі аб гэтым дні, так насычаным падзеямі любімай справы, як калыханка ўсіх нас цягнуць ў смакотную дрымоту. Кожнае вяртанне дадому заўсёды даецца нялёгка. Усім хочацца як мага хутчэй апынуцца ва утульным месцы. Так і нам, сесці ўсім разам і паразважаць аб тым, што атрымалася. 

Падчас дарогі на рыбгас у зграях кнігавак усім хацелася ўбачыць залацістых севак. А мудрая восень пакінула сустрэчу з гэтымі птушкамі на развітанне з адыходзячым найцікавым днём. Залацістыя сеўкі ля дарогі нагадалі аб надыгодзячай залацістай восені…

Любіце птушак, любіце прыроду, любіце ўсё наша роднае!

 

Каментары

вельмі цікава, 10 балаў. Дзякуй, дарэчы. Вельмі моцныя ўражанні ад карцінак з тэкстам. Раскажыце як Лявон вытрымаў 12 гадзін гонкі? Бачу яго на фотках. У 1 год удзельнічаць у такіх спаборніцтвах нават назіральнікам незвычайная з'ява, штосьці путнае будзе з гэтага хлопца.