Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Сокал ля ракі

сокал-пустальга

Кожную раніцу, калі мы ідзем гуляць да ракі з нашым сабачкам, я бяру з сабой фотаапарат. Бо калі не бяру, часам здараецца ўбачыць нешта цікавае, але зняць яго тады няма як. І вось некалькі апошніх раніц я цягаў фоцік дарма, бо нічога вартага ўвагі пад час нашай прагулкі не адбывалася і гэтым ранкам я ўжо збіраўся яго не браць. Аднак у апошні момант усё ж вырашыў, што вазьму. І не пашкадаваў.

Набярэжную ад вады аддзяляе нешырокі, метраў 15 шырынёй, бераг, які тут завалены валунамі і спускаецца да ракі пад невялікім, але заўважным нахілам. Там, дзе далі магчымасць валуны, выраслі розныя кусты і тонкія дрэўцы вяза, а таксама ў вады каляводная жорсткасцебельная расліінасць, а бліжэй да набярэжнай - травяністая. Прыкладна месяц назад усё гэта скасілі трымерамі і спілавалі піламі, і з таго часу мала што паспела адрасці хаця б пачаткова. І вось калі я павярнуў галаву да ракі, то з вялізным здзіўленнем убачыў зусім недалёка ад сябе ды яшчэ невысока самца сокала-пустальгі (Falco tinnunculus), які завісаў над гэтам берагам! Так блізка ад сябе і ад вады я паляванне гэтага віду яшчэ не назіраў.

Я паспеў уключыць камеру і зрабіць толькі адзін здымак, як сокал 'упаў' паміж валунамі і ўзляцеў з невялікім грызуном у лапах. Есці здабычу ён сеў метарў 30 далей у густую лістоту высокага вяза - адзінага дрэва на сотні метраў набярэжнай, дзе я яго патраціў.  Але пасля хуткага спажывання сокал вярнуўся і стаў завісаць яшчэ бліжэй да мяне на вышыні метраў 10, паволі зніжаючыся над берагам. На гэты раз я быў ужо лепш гатовы да падобных падзей і зрабіў цэлы шэраг серый здымкаў. Аднак і ў гэты раз самец хутка ўпаў паміж валунамі і зноў узляцеў з грызуном у кіпцюрах, прычым па здымку ніжэй (дакладней па цёмнай палосцы на спіне грызуна) бачна, што злавіў ён палявую мыш (Apodemus agrarius). Цяпер мне пашанцавала больш - птушка села амаль адкрыта на той самы вяз і зноў даволі хутка мыш была з'едзена.

І хаця я думаў, што цяпер птушка адляціць і расслабіўся, сокал яшчэ раз падляцеў да мяне, прычым без завісання спікіраваў на самую высокую частку берага усяго метрах у 6 ад мяне і я разгубіўся і не зрабіў ніводнага здымка, у які б трапіла птушка з новай здабычай. Бо самец злавіў трэцяга грызуна і адбылося гэта ўсяго за 7 хвілін з моманту, як я яго заўважыў над берагам! У гэты раз сокал-пустальга стаў даволі хутка, шырокімі кругамі, падымацца са здабычай у лапах і калі падняўся метраў на 50-60, адляцеў уверх па плыні ракі. 

------------------------------------------------

Наступнай раніцай браць ці не браць з сабой на прагулку фоцік сумневаў не было і сокал мяне не падвёў, толькі што ўзляцеў з таго ж вязу і пры мне не паляваў, а адразу стаў пустым падымацца недалёка ад ракі (гл. апошнія 4 здымкі). Яго не вельмі настойліва спрабавалі атакаваць ластаўкі, але ён не звяртаў на іх увагі і зноў, падняўшыся, паляцеў у той самы бок, што і ўчора.

16 і 17-07-2026, Гродна

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі