Працяг. Пачатак ТУТ
Пад час назіранняў за ластаўкамі-зямлянкамі (Riparia riparia), якія загнездавалі ў незвычайнай норцы сярод вялікіх камянёў у фундаменце карчмы, у мяне даволі хутка ўзніклі два пытанні, на адно з якіх я знайшоў адказ.
Пачну з першага: птушаняты, якія не ўвесь час, але рэгулярна і падоўгу высоўваліся з 'норкі' часам выглядалі нават большымі за бацькоў, ад якіх яшчэ адрозніваліся іншым адценнем карычневага ў апярэнні і не вельмі выразнымі жоўтымі заедамі (калі дзюба была закрыта). Але нешта было ў іх інакш на галаве і я не адразу зразумеў што. Але калі прыгледзеўся здымкам на кампутары, стала зразумела ў чым справа. Дарослыя птушкі прыляталі з ежай параўнальна часта - кожныя 3-4 хвіліны, і каб нічога з перададзенага малым не вывалілася вонкі, даволі глыбока засоўвалі дзюбу і пярэднюю частку галавы за ёй птушанятам у рот. І сліна птушанят заставалася вакол дзюбы бацькоў, падсыхала, змяняючы там выгляд пер'я. Таму дарослыя птушкі і выглядалі так дзіўнавата.
А вось другое пытанне засталося без адказу. Спачатку ў гняздзе я налічыў 3 птушанят, прычым шырыня адтуліны паміж камянямі давала ім магчымасць выпрошваць ежу, шырока раскрываючы пры гэтым дзюбу па адной лініі, адначасова. Але кожны раз калі нехта з бацькоў падлятаў да іх, ежа даставалася толькі аднаму з птушанят, хаця часта прасілі яе ўсе - гэта добра бачна на здымках ніжэй.
Працяг будзе
05-07-2026, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ