Як казаў галоўны герой аднаго выдатнага мульціка: "Спелый жёлудь любая свінья слопает!" Таму у дубоў існуе вельмі вялікая розніца ў колькасці жалудоў, якія яны ўтвараюць у розныя гады. Іх амаль няма на канкрэтным дубе 2-3-4 гады, але ў наступны год за безжалудовымі можа быць вельмі шмат - столькі, каб усе іх аматары маглі наесціся і, што вельмі важна для дуба, зрабілі недзе далёка ад яго запасы 'на зіму'. Чым больш жалудоў, тым цяжэй усе з'есці і тым большую колькасць прыхаваных рознымі відамі жывёл жалудоў яны не з'ядуць за зіму ці з-за вялікай колькасці схованак не знойдуць. І менавіта гэтыя жалуды і дадуць пачатак новым дубам на новых месцах.
Стратэгія распаўсюджання дубоў выглядае складанай, але яна выдатна працуе! Зразумела, што самі па сабе жалуды не могуць нікуды адляцець ад бацькоўскага дрэва, максімум - адплыць калі трапяць у раку. Але прарасці там не змогуць. Таму надзея адна - на распаўсюднікаў, якім жалуды павінны смакаваць і быць адпаведнага памеру для праглынання (і наступнай транспартыроўкі ў схованку). А каб смакавалі, дрэву трэба траціць на кожны жолуд параўнальна шмат (карысных) харчовых рэчываў і абалонка павінна быць не надта моцнай - каб спажывальнікі маглі дабрацца да спажыўнай часткі. Таму калі ўжо і раскідваць такое насенне пад дрэвам, дык з упэўненасцю, што ўсё яго з'есці проста не змогуць.
У невялікім скверыку на беразе Нёмана я амаль выпадкова ўбачыў, як розныя віды птушак карыстаюцца сёлета з такога вось ураджайнага сезону ў пяці тамтэйшых, яшчэ зусім нестарых, дубоў. Аднымі з самых нешматлікіх - яшчэ не бачыў там адначасова больш, чым тры птушкі запар, былі сойкі (Garrulus glandarius). Яны ж былі і самымі асцярожнымі. Часта падляталі пад дубы не наўпрост, а праз 'прамежкавыя пасадкі' на навакольных дрэвах. Але калі ўжо апускаліся на зямлю і дубовае лісце, не абмяжоўваліся адным жалудом, а стараліся 'ўпіхнуць у сябе' як найбольш. Ну а потым адляталі хаваць недзе гэтае 'цяжка нажытае' дабро)
У першы дзень назіранняў я не ўбачыў таго, што яшчэ не ведаў пра соек і дубы, але наступныя дні адкрылі і новыя грані іх 'супрацоўніцтва'.
Гродна, 08-10-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 10.10.2022 - 20:55
Цікава, што атрымалася…
Цікава, што атрымалася падгледзець незвычайнага! Часам здаецца, што 'прамежкавыя пасадкі' патрэбны, каб засцерагчы схованкі ад іншых соек ці наадварот прасачыць за імі...
Harrier - 10.10.2022 - 23:16
Дзякуй, сапраўды, убачыў там…
Дзякуй, сапраўды, убачыў там шмат цікавага і новага для сябе - рэшту пакажу пазней.
А наконт 'прамежкавых пасадак' так і ёсць. Толькі я пісаў пра яшчэ 'пустых' птушак, яны таксама ляцяць за жалудамі не наўпрост.