Хаця большасць ягад чорнай бузіны (Sambucus nigra) яшчэ яўна няспелыя, на некаторых кустах ужо ёсць амаль цалкам чорныя асобныя гронкі. А апошнімі днямі я праходзіў па беразе Нёмана побач з двума высокімі кустамі, на якіх падобных гронак была процьма. І калі вырашыў паназіраць за тым, ці адведвае іх хто з птушак, то даволі хутка аказалася, што так, прылятаюць. Прычым два віды лесак: леска-завірушка (Sylvia curruca) і леска-чарнагалоўка (S. atricapilla).
І сярод прадстаўнікоў і першага, і другога віду я заўважыў толькі маладых птушак, прычым некаторыя дабіраліся на гронкі з ягадамі даволі складным шляхам. Нібыта за імі сачылі невядомыя спецслужбы і лескі заблытвалі свае намеры і пераляталі па некалькі разоў і сядалі і значна вышэй на правады, і ніжэй на іншыя дрэвы і кусты. Але ў рэшце рэшт і так усё заканчвалася з ягадамі ў дзюбе.
14 і 15-08-2025, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ