Месцаў, дзе можна чакаць на партнёра з рыбкай на Нёмане ў межах гораду хапае - адных буёў, якія паказваюць дзе плынь глыбей, а дзе мялізна, расстаўлена на сезон навігацыі мноства. Але часта менавіта вусьце Гараднічанкі прыцягвае да сябе самак рачных крычак (Sterna hirundo), каб чакаць на ежу менавіта там. Па-першае, там бывае вялікі выбар камянёў і кавалкаў дрэўна, якія тырчаць над вадой ў якасці прысадаў. Па другое, седзячы недалёка ад аднаго з берагоў, зручна назіраць за пралётам іншых крычак і яшчэ здалёк бачна партнёра з рыбкай - ёсць час сустрэць яго загадзя галоднымі крыкамі.
Як і раней, я думаю, што ні адна з двух самак, якіх я назіраю там даволі рэгулярна, па нейкай прычыне не мае сёлета патомства - яны адрозніваюцца адна ад адной афарбоўкай дзюбы. Але калі самцы працягваюць іх карміць, то чаму б не карыстацца з гэтага?
Пакуль адна з самак сядзела на абраным камяні, на супрацьлеглы бераг Гараднічанкі прыйшла і села адпачнуць і сфатаграфавацца невялікая група турыстаў. Хаця звычайна крычкі адлятаюць пры набліжэнні да сябе людзей, але ў гэты раз самка працягвала сядзець нават у 15 метрах ад іх. Аднак калі падляцеў самец з крыкамі і ежай, ён напэўна па іншаму ацаніў абстаноўку і не перадаў рыбку там самцы, а прапанаваў пераляцець у больш бяспечнае месца:
Гродна, 19-07-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ